«Свята пісьменства — з калыскі асветы»

3 верасня ў Завозерскім СДК адбылася творчая сустрэча, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства. На мерапрыемства былі запрошаны і супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання. 
Навуковыя супрацоўнікі Музея, Дзіяна Кашкур і Ірына Скіжанок, прывезлі выставу «Свята пісьменства — з калыскі асветы», якая распавядала пра гісторыю свята беларускай кнігі. Падчас імпрэзы былі паказаны фотаматэрыялы, на якіх наведвальнікі пабачылі дзень адкрыцця нашага Музея ў 1990 годзе, калі і быў закладзены падмурак для будучага першага Дня беларускага пісьменства. Як вядома, ён адбыўся ў Полацку ў 1994 годзе, а потым пачаў падарожнічаць па розных культурных цэнтрах нашай краіны, аб чым сведчылі іншыя музейныя прадметы, прадстаўленыя на гэтай выставе.
Падчас мерапрыемства наведвальнікі паслухалі вершы мясцовых паэтак і некалькі народных кампазіцый, паглядзелі прадстаўленне тэатра мініяцюр «Балаганчык». На працягу ўсяго мерапрыемства гучала мілагучная родная мова, дзякуючы якой імпрэза здалася па-хатняму цёплай і ўтульнай.

768