З Днём нараджэння, Музей!

Сёння ў Музея беларускага кнігадрукавання свята — Дзень нараджэння. Музею споўніўся 31 год! З гэтай нагоды мы віншуем усіх тых, хто звязаў свой лёс з нашай установай: цяперашніх і былых супрацоўнікаў, а таксама добрых сяброў Музея і галоўных натхняльнікаў — наведвальнікаў.

За гэты год у Музеі адбылося шмат цікавых сустрэч і імпрэз, некаторыя з іх нават паспелі стаць традыцыйнымі, адкрыліся шматлікія выставы, на якіх кніга паўстала перад наведвальнікамі не толькі як звыклы набор літар і слоў, але і як сапраўдны прадмет мастацтва. Змяніўся за гэты час і сам Музей: была ўдасканалена і абноўлена яго экспазіцыя, а супрацоўнікі папоўнілі фонды найбольш цікавымі прадметамі, многія з якіх занялі пачэснае месца ў вітрынах і шафах музейных залаў.

Мы спадзяемся, што Музей беларускага кнігадрукавання і надалей будзе прыцягваць увагу цікаўных людзей, захавае статус галоўнай лакацыі для аматараў кніжнай культуры, застанецца такім жа актыўным і адкрытым для камунікацыі. І ў гэты святочны дзень Музей сам падрыхтаваў для вас, дарагія сябры, падарунак: гульнёвы тэст на тэму ўзросту «Крок да Алімпу». Паспрабуйце здагадацца, хто з беларускіх пісьменнікаў перад вамі на даўніх фотаздымках!

748