Да дня нараджэння Алеся Звонака

14 лютага 1907 г. нарадзіўся Алесь Звонак — беларускі паэт, драматург, перакладчык, тэатразнаўца, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Сапраўднае яго імя — Пётр Барысавіч Звонак. Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і рабочага-муляра. У 1923 г. скончыў сямігодку і паступіў на агульнаадукацыйныя курсы, якія давалі сярэднюю адукацыю. Мову і літаратуру на курсах выкладаў Я. Плашчынскі (ужо вядомы на той час паэт Язэп Пушча). У 1925 г. А. Звонак быў накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». Узначальваў Полацкую філію «Маладняка».

З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 г. — у часопісе «Маладняк». Адначасова вучыўся ў БДУ. У 1934 г. скончыў аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у Акадэміі навук БССР, у газеце «Літаратура і мастацтва». У лістападзе 1936 г. быў арыштаваны і асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам. У 1954 г. рэабілітаваны і з 1955 г. жыў у Мінску, займаўся творчай працай. Памёр 2 лютага 1996 г.

З вершамі выступіў у друку ў 1925 г. у часопісе «Малады араты». А ў 1926 г. разам з Я. Бобрыкам і Я. Туміловічам выдаў зборнік «Пунсовае ранне».

Аўтар зборнікаў вершаў «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню» (1923), «Мая Радзіма» (1935), «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Сябрына» (1987), «Святлацені» (1992), «Мой сад» (1995) і інш. Выступаў таксама ў галіне драматургіі тэатра і кіно. У 1973 г. выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы».

Шмат перакладаў, у тым ліку А. Чэхава, А. Фадзеева, А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Рыльскага, П. Тычыну, У. Сасюру, Р. Газатава, А. Туманяна, Ю. Славацкага і інш. Разам з М. Хведаровічам пераклаў «Віцязя ў тыгравай шкуры» Ш. Руставелі.

483