Да дня нараджэння Рыгора Мурашкі

16 лютага 1902 г. нарадзіўся Рыгор Мурашка — беларускі празаік і крытык, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Нарадзіўся ён у вёсцы Бязверхавічы Слуцкага павета ў беднай сялянскай сям’і. У 1917—1918 вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінары Удзельнічаў у барацьбе з польскімі акупантамі на Случчыне (1919—1920). У 1920 г. скончыў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутраных спраў Беларусі і працаваў інструктарам Слуцкага павятовага ваенрэўкома. Служыў у Чырвонай Арміі (1920—1921 і 1924—1926). У 1921—1924 гг. — на савецкай і партыйнай рабоце.

Быў членам «Маладняка». Працаваў адказным сакратаром часопіса «Бальшавік Беларусі» (1926—1929), загадчыкам аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1930–1933).

У час Вялікай Айчыннай вайны — у Мінскім падполлі, а затым у партызанскім атрадзе. Загінуў у красавіку 1944 г. у час прарыву блакады.

Першае апавяданне «Папоўскі шлюб» апублікаваў у 1924 г. у газеце  «Савецкая Беларусь».

Аўтар зборнікаў апавяданняў «Стрэл начны ў лесе», «Прыгранічны манастыр», «Рузікі» і інш., а таксама аповесці «У іхнім доме», раманаў «Сын», «Салаўі святога Палікара».

541