«Скарынаўскія дні ў Полацку–2023»

15—16 верасня праходзіў штогадовы Рэспубліканскі культурна-адукацыйны праект «Скарынаўскія дні ў Полацку». У пятніцу ў рамках праекта на базе Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага адбылася прэзентацыя «Краязнаўчай газеты» пры ўдзеле галоўнага рэдактара Максіма Гальпяровіча. Заснавальнік выдання — Беларускі фонд культуры, які ўваходзіць у Беларускую канфедэрацыю творчых саюзаў. У красавіку гэтага года газеце споўнілася 20 год. У той жа дзень у канферэнц-зале музея-запаведніка на круглы стол сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады і творчых саюзаў Беларусі. Госці свята — Навум Гальпяровіч, Алесь Карлюкевіч, Наталля Шаранговіч, Віктар Васільеў і іншыя — падзяліліся ўражаннямі ад наведаных мерапрыемстваў і абмеркавалі пытанні развіцця праекта «Скарынаўскія дні ў Полацку» і супрацоўніцтва палачан з творчымі саюзамі рэспублікі. Падчас круглага стала ініцыятару стварэння грамадскага аб'яднання «Полацкае зямляцтва» Навуму Гальпяровічу старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Марковіч уручыў Статут Зямляцтва.

У суботу ў Музеі беларускага кнігадрукавання і Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага прайшлі інтэрактыўныя ўрокі, якія падрыхтавалі і правялі для ўдзельнікаў Скарынаўскіх дзён педагогі школ горада. На адным з іх сустрэліся каманды гаспадароў і гасцей Полацка. У свет старадаўняй гісторыі горада ўдзельнікаў правёў малады Францыск Скарына. У спаборніцтве на веданне гісторыі найстаражытнейшага горада Беларусі пераможцамі сталі ўсе! Пасля ўрока гасцей горада чакала знаёмства з адзіным у рэспубліцы Музеем беларускага кнігадрукавання.

253