Знаёмства з Музеем

Экспазіцыя была адкрыта ў 1990 г.

Плошча экспазіцыі – 667 кв. м.

Экспануецца 1378 музейных прадметаў

Аўтар праекта рэстаўрацыі будынка – В. Калечыц

Навуковая канцэпцыя: Г. Ладзісава, М. Нікалаеў

Мастацкае рашэнне: С. Дзмітрыеў, І. Куржалаў

 

Музей беларускага кнігадрукавання з'яўляецца адным з адзінаццаці музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Яго экспазіцыя размяшчаецца ў помніку архітэктуры XVIII ст. – у былым келейным корпусе Полацкага Богаяўленскага манастыра.

Музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 г. падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, славутага палачаніна Францыска Скарыны.

Па сённяшні дзень гэта адзіны ў краіне музей такога напрамку, які збірае і захоўвае для нашчадкаў помнікі пісьменства ад рукапісных скруткаў да кнігі сучаснай, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй пісьменства, пісьмовых прыладаў, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі.

Тым, хто хоча даведацца пра стварэнне рукапісных кніг часоў Еўфрасінні Полацкай, будзе цікава зазірнуць у майстэрню перапісчыка – скрыпторый, дзе засяроджаны манах-перапісчык з пяром у руцэ схіліўся над сваім сталом, старанна выводзячы літару за літарай, радок за радком, пакуль уся кніга не будзе перапісана. Уявіць працэс стварэння старадрукаванай кнігі дапаможа рэканструяваны інтэр'ер друкарні XVI–XVII стст., дзе так аддана працуюць наборшчык і друкар. У музеі можна пабачыць інтэр'ер кабінета вучонага або пісьменніка XVII–XVIII стст., майстэрні мастака-афарміцеля, прыгожую мэблю мінулых стагоддзяў і шмат чаго іншага.