5 чэрвеня — Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай

У гэтым годзе святочнае набажэнства адбывалася ў Свята-Богаяўленскім кафедральным саборы. Адтуль вернікі выправіліся ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Некаторыя з іх, асабліва з іншых гарадоў, паспелі наведаць музей і на ўласныя вочы ўбачыць сапраўдную актавую пячатку Еўфрасінні Полацкай. У экспазіцыі музея змешчана пячатка, знойдзеная на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў 2015 г. пры даследаванні фундамента Спаса-Праабражэнскай царквы. На адным баку прадмета бачна выява Ісуса Хрыста, на другім надпіс: «Господи, помози рабе своей Офросинии».

Цікава, што першая пячатка, пазней аднесеная да прападобнай, была знойдзена ў 1998 г. на тэрыторыі манастыра. Надпіс на ёй захаваўся часткова: «Господи, помози рабе…». Толькі пасля параўнання дзвюх знаходак выявілася, што абедзве належалі Еўфрасінні Полацкай. У 2017 г. усё там жа, на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, была знойдзена трэцяя пячатка.

Усе знаходкі захоўваюцца ў зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

1019