«Фландрыя скораная, або Антуана Сандэрcа [...] “Фландрыі ў ілюстрацыях” том другі» – гістарыяграфічная і тапаграфічная праца 1644 г. фламандскага гісторыка і паэта, дзеяча каталіцкай царквы Антуана Сандэрса (1586–1664). На тытульным лісце наўмысна пададзены недакладныя выхадныя звесткі, згодна з якімі месцам выдання пазначаны Кёльн. Кніга насамрэч была надрукавана ў Амстэрдаме Янам і Карнэліусам Блау. Праца змяшчае гістарычныя апісанні асноўных гарадоў і вёсак былога графства Фландрыя, распавядае пра жыццё яго графаў і біскупаў. Выданне багата ілюстраванае: 153 гравюры на медзі (планы гарадоў, выявы цэркваў і манастыроў, ваенных умацаванняў, прыватных дамоў, партрэты гістарычных асоб і геральдычныя выявы), ініцыялы (131 адбітак з 87-і дошак); канцоўкі (4 адбіткі з 3-х дошак). Папера ручнога адліву без вадзяных знакаў. Памеры кнігі ўражваюць: 51х35х6 (у развароце – 68) см. У фонды музея-запаведніка выданне паступіла з абменна-рэзервовага фонду Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына (сёння – Расійская нацыянальная бібліятэка, СПб). Гэтая праца некалькі разоў перавыдавалася і перакладалася да XVIII ст.
Фландрыя скораная, або Антуана Сандэрcа [...] “Фландрыі ў ілюстрацыях” том другі. Амстэрдам, 1644 г. Музей беларускага кнігадрукавання. Са збору НПГКМЗ