
20 і 21 лістапада ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку прайшла VI Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць», прысвечаная 395-годдзю з дня нараджэння асветніка і 30-годдзю Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага. Канферэнцыя традыцыйна праводзіцца кожныя 5 год і збірае навукоўцаў, што займаюцца даследаваннямі жыцця і творчасці Сімяона Полацкага ў кантэксце эпохі, аналізам уплыву яго дзейнасці на сучасную культуру; праблемамі этнаканфесійнага і сацыякультурнага развіцця Беларускага Падзвіння ў ХVI–ХVIII стст. У 2019 г. у праблемнае поле канферэнцыі былі ўключаны пытанні захавання, прэзентацыі і інтэрпрэтацыі помнікаў кніжнай культуры Беларусі ў музеях, бібліятэках і прыватных зборах. За мінулыя 25 год амаль 90 удзельнікаў з розных краін свету прадставілі вынікі даследаванняў па шырокаму колу пытанняў гісторыі, археалогіі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралогіі, этналогіі, філасофіі, музеязнаўства, кнігазнаўства, педагогікі і мастацтвазнаўства.
У гэтым годзе на канферэнцыю даслалі заяўкі больш за дваццаць даследчыкаў з такіх устаноў і арганізацый, як Гісторыка-архіўны інстытут Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта, Інстытут філасофіі Расійскай акадэміі навук, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Лабараторыя старажытнарускай культуры Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай, Расійская дзяржаўная бібліятэка, Дзяржаўная ўніверсальная навуковая бібліятэка Краснаярскага краю, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, «Музей «Замкавы комплекс «Мір», Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Удзельнікам канферэнцыі была прадстаўлена выстава «Но буди правый писаний читатель, не слов ловитель, но ума искатель», якая прысвечана 25-годдзю канферэнцыі. У 1999 г. была арганізавана першая навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць» з нагоды 370-годдзя асветніка. Для гасцей горада была падрыхтавана багатая культурная праграма: канцэрт арганнай музыкі і экскурсія ў Сафійскім саборы, наведванне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, Мастацкай галерэі, экскурсія ў Музеі беларускага кнігадрукавання і Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага. Многія ўдзельнікі скарысталіся магчымасцю наведаць і іншыя музеі запаведніка.
Навуковы форум адбываўся ў атмасферы агульнай зацікаўленасці ў прадстаўленых даследаваннях, з навуковымі дыскусіямі і абмеркаваннямі, планаваннем супрацоўніцтва на бліжэйшы час і аддаленую перспектыву.