У Рэспубліцы Беларусь выдаецца больш за 400 часопісаў рознай тэматыкі, па розных галінах ведаў, для аўдыторыі любога ўзросту: навуковыя, грамадска-палітычныя, літаратурныя, метадычныя, мастацкія, дзіцячыя, юнацкія, гумарыстычныя і гэтак далей. Сучасныя часопісы, што маюць самую даўнюю гісторыю, былі заснаваны яшчэ ў 1920-х гадах. Не дзіва, што менавіта такія выданні ў 2024 годзе адзначаюць самыя значныя юбілеі.
Першапачаткова часопіс выходзіў пад назвай «Беларускі піянер» і друкаваў матэрыялы пра жыццё беларускіх піянераў. Выданне змяшчала некалькі рубрык, асноўнай лічылася літаратурная. На старонках часопіса выйшлі дзіцячыя творы пісьменнікаў, якія сёння прылічаны да класікаў беларускай літаратуры: Кандрат Крапіва, Уладзімір Жылка, Янка Маўр і іншыя. Праз некалькі год члены рэдакцыйнай калегіі разышліся і пачалі выдаваць асобна газету «Піянер Беларусі» і часопіс «Іскры Ільіча». Апошняе выданне друкавалася з кастрычніка 1929 па красавік 1941 года. Выхад часопіса быў адноўлены толькі ў чэрвені 1945 года, але ўжо пад сучаснай назвай. У 2012 годзе часопіс «Бярозка» выходзіў пад адной вокладкай з часопісам «Маладосць», але хутка сітуацыя змянілася і «Бярозка» да сёння з'яўляецца самастойным выданнем.
Па словах рэдактараў, дэвіз часопіса: «Чытаць і думаць», а само выданне – «інтэлектуальны падлеткавы глянец». Часопіс дае магчымасць сучасным падлеткам друкаваць на яго старонках уласнанапісаныя тэксты, а значыць, развіваць журналісцкія і літаратурныя здольнасці, «размаўляць» з равеснікамі. Цікава, што ў часопісе працягваюць публікаваць свае творы сучасныя беларускія пісьменнікі, якія пачыналі свой творчы шлях са старонак «Бярозкі»: Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ягоўдзік і іншыя. Сучасныя падлеткі знойдуць шмат цікавага і карыснага ў шматлікіх рубрыках: рубрыка Level 80 прысвечана камп'ютарным гульням, а «Гісторыі поспеху» знаёмяць з людзьмі незвычайных заняткаў, пра таленавітых настаўнікаў распавядае рубрыка «За апошняй партай». Кожны нумар вызначае новая тэма. Рэдакцыя часопіса імкнецца дапоўніць веды падлеткаў той інфармацыяй, на якую не хапае часу на школьных занятках, дамагчы разабрацца ў розных аспектах жыцця, развіваць цікавасць да нацыянальнай культуры і літаратуры.
Часопіс «Алеся» з’яўляецца адзіным у рэспубліцы грамадска-публіцыстычным і літаратурна-мастацкім часопісам для жанчын. Першы нумар часопіса выйшаў у лістападзе 1924 года пад назвай «Беларуская работніца і сялянка». Аб'ём выдання на пачатку складаў да 50 старонак, а тыраж – ад 2000 да 8000 экз. Кожны выпуск часопіса адкрываў артыкул на палітычную ці эканамічную тэму. У літаратурна-мастацкім аддзеле часопіса публікавалі творы вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі і іншых. Шмат матэрыялаў у часопісе асвячалі жыццё жанчын у іншых краінах свету. Выданне некалькі разоў змяняла назву: у 1931–1941 гадах часопіс меў назву «Работніца і калгасніца Беларусі», у 1946–1994 гадах – «Работніца і сялянка». Сучасную назву – «Алеся» – часопіс атрымаў у 1995 годзе.
Сёння на старонках часопіса выходзяць матэрыялы, аўтары якіх асвячаюць сучасныя сацыяльныя праблемы, працоўнае і творчае жыццё беларускіх жанчын, знаёмяць з навінамі культуры і моды, з апошнімі творамі айчынных літаратараў. У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка захоўваюцца 8 нумароў часопіса «Алеся», у якіх апублікаваны артыкулы пра палачанак.
Часопіс «Народная асвета» вядзе сваю гісторыю з 1924 года, калі ў Мінску выйшаў яго першы нумар на беларускай і рускай мовах. У далейшым выданне мела некалькі назваў: «Асьвета», «Камуністычнае выхаванне», «Кансультацыя настаўніку», «У дапамогу настаўніку», «Савецкая школа». Сучасную назву часопіс носіць з 1960 года. На пачатку выдання часопіс меў наступную структуру: «Агульны аддзел», «Метадалогія і практыка», «Кнігапіс», «Летапіс беларускага друку», «Інфармацыя і хроніка», «На месцах», «Афіцыйны аддзел», а ў шэрагу нумароў былі выдзелены такія рубрыкі, як «Метады і формы піянерскага руху», «Паштовая скрынка», «Наш быт», «На шляху перападрыхтоўкі», «Педалагічныя пытанні», «Практыка асветных устаноў», «Выхаванне ў школе і пазашколай», «Жыццё і праца асветніка», «Гутарка», «Аб ліквідацыі непісьменнасці», «Прафесійныя ўстановы», «Выхаваўча-метадычны аддзел», «Прафадукацыя», «Палітасвета», «З мясцовай практыкі», «У Заходняй Беларусі», «Нарады па народнай асвеце», «Пытанні методыкі і практыкі нашай школы», «Агульна-палітычны аддзел», «Школьны аддзел», «Пяцігодка і кадры», «На барацьбу з рэлігіяй», «Методыка і праграма школы», «Абарона краіны і школа», «Кнігу і мастацтва ў масы» і іншыя.
На пачатку новага тысячагоддзя ў часопісе з’явіліся і новыя рубрыкі, такія як «Праграмы і падручнікі ХХI стагоддзя», «Лёс эксперыменту», «Бізнес-лабараторыя», «Банк методык і тэхналогій», «Знак якасці», «Новы настаўнік для новай школы», «Тэст-кантроль» і гэтак далей. Выданне па-ранейшаму распавядае сваім чытачам пра лепшы вопыт вучоных і педагогаў, пра змены ў заканадаўстве і сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яго галоўная аўдыторыя – удзельнікі адукацыйнага працэсу: кіраўнікі ўстаноў адукацыі і іх намеснікі, настаўнікі і класныя кіраўнікі, сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі, бацькі і дзеці.
«Беларусь» — грамадска-палітычны часопіс, які выдаецца кожны месяц. Першы нумар выйшаў пад назвай «Чырвоная Беларусь» у 1930 годзе. Праз тры гады яго выданне спынілася, і гэта доўжылася да 1944 года, калі часопіс быў адноўлены пад назвай «Беларусь».
У 2005 годзе часопіс зноў змяніў сваю назву на «Беларусь. Belarus», а ў 2017 годзе выданне адзначыла выхад тысячнага нумара. Часопіс «Беларусь. Belarus» чытаюць ва ўсім свеце, бо яго матэрыялы друкуюцца на беларускай, англійскай і кітайскай мовах. На яго старонках аўтары асвятляюць пытанні грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця краіны, развіцця нацыянальнай культуры. Часопіс знаёміць сваіх чытачоў з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, дзеячамі мастацтва, навукі, культуры, адукацыі. У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка знаходзіцца амаль паўтысячы экзэмпляраў часопіса і калекцыя працягвае папаўняцца.