Апошнім набыткам сыходзячага года, адным з галоўных юбілеяў якога было 395-годдзе Сімяона Полацкага, стала кніга «Симеонъ Полоцкій (его жизнь и дѣятельность): Опыт изслѣдованія изъ исторіи просвѣщенія и внутренней церковной жизни во вторую половину XVII вѣка». Гэта магістарская дысертацыя рускага багаслова, прафесара Маскоўскай духоўнай акадэміі Іерафея Аляксеевіча Татарскага, якая была выдадзена ў друкарні М. Г. Валчанінава (былая М. Н. Лаўрова і К°) у Маскве ў 1886 г. Цікава, што аўтар абараняў яе двойчы, канчаткова ступень магістра багаслоўя І. А. Татарскі атрымаў толькі ў 1888 г. Сама дысертацыя ўяўляе сабой грунтоўнае даследаванне, якое прысвечана дзейнасці Сімяона Полацкага ў розныя перыяды яго жыцця.
У кнізе пададзена не толькі біяграфія Сімяона Полацкага, але і апісаны асаблівасці эпохі Асветніцтва ў Маскоўскім царстве, што дазваляе глыбей зразумець уплыў гістарычных падзей на фарміраванне светапогляду і творчасці асветніка з Полацка.
Каштоўнае выданне ўжо папоўніла фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і будзе прадстаўлена ў пастаяннай экспазіцыі Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага.