Выстаўка «І паўстаў народ...» (Да 65-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Полацк.


У Музеі беларускага кнігадрукавання працуе выстава «І паўстаў народ...», прысвечаная барацьбе беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На выставе можна ўбачыць выданні перыяду Вялікай Айчыннай вайны (у тым ліку серыю кніжак «Герой Савецкага Саюза», у якіх расказваецца пра Гаўрыіла Палаўчэню, Уладзіміра Лабанка, Льва Даватара і інш.). Прадстаўлены і газеты таго часу з артыкуламі пра вызваленне Полацка.

Значную частку выставы складае мастацкая літаратура. Перш за ўсё — гэта творы Васіля Быкава, а таксама Алеся Адамавіча, Аркадзя Куляшова, Алеся Савіцкага, Міхася Лынькова, Івана Навуменкі, Івана Шамякіна. Змешчаны і шматлікія выданні пра падпольныя арганізацыі і партызанскі рух на Беларусі, пра барацьбу і творчасць народных мсціўцаў.

Аб тым, што тэма Вялікай Айчыннаў вайны, тэма памяці застаюцца актуальнымі і ў наш час, сведчаць самыя сучасныя выданні. Сярод іх — камплект «Пабеда», які ўключае ў сябе 2 кнігі: «1418 дзён Вялікай Айчыннай вайны» і «Памяць са слязамі на вачах». Выданне атрымала Дыплом І ступені на ІІ Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельнікаў СНД (2005) і Дыплом імя Францыска Скарыны на 46-м Рэспубліканскім конкурсе ў 2006 годзе. Прадстаўлены на выставе таксама рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны: планшэт, кабура, кісет і інш.

336