Выстаўка «БУЙНЕЙШЫ НАШ КОЛАС У ЖЫЦЕ...» (да 130-годдзя Якуба Коласа).


У Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працаваць выстаўка «БУЙНЕЙШЫ НАШ КОЛАС У ЖЫЦЕ...», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.

Якуб Колас – класік беларускай літаратуры, стваральнік неўміручых паэтычных шэдэўраў «Новая зямля» і «Сымон-музыка», адзін з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, беларускага рамана, выдатны педагог, вучоны, дзяржаўны і культурны дзеяч. Ён змог узняць беларускае слова на ўзровень сталага мастацтва, паставіўшы яго побач з развітымі літаратурамі свету.

Яго імя прысвоена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства АН Беларусі (зараз Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Купалы і Я. Коласа НАН Беларусі), Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Беларусі), Віцебскаму драматычнаму тэатру, шматлікім школам, бібліятэкам, вуліцам, плошчам. У Мінску існуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа з філіяламі ў Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне і Альбуці. З 1980-х гадоў праводзяцца навуковыя чытанні, па выніках якіх выдаецца зборнік «Каласавіны».

Выстаўка мае на мэце пазнаёміць наведвальнікаў (перш за ўсё школьнікаў) з выданнямі твораў Я. Коласа розных часоў, а таксама іншымі матэрыяламі, прысвечанымі яму, якія захоўваюцца ў фондах НПГКМЗ, паказаць значнасць постаці народнага паэта, празаіка, крытыка, вучонага і педагога для беларускай літаратуры, выхоўваць павагу да роднага слова, да нашай культурнай спадчыны.

На выстаўцы можна ўбачыць выданні 1920-1930-х гадоў, у тым ліку кнігу «Сымон Музыка» (віленскае выданне таварыства «Пагоня» 1928 года) і аповесць «У палескай глушы» (1923) – першую частку будучай трылогіі «На ростанях». Прадстаўлены шматлікія выданні 1940-1950-х гадоў, сучасныя кнігі, даследаванні, прысвечаныя жыццю і творчасці Я. Коласа, а таксама матэрыялы, прысвечаныя 130-годдзю з дня яго нараджэння.

253