Выстаўка «Край лясоў і азёр»


У Музеі беларускага кнігадрукавання падрыхтавана выстаўка да 75-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці - «Край лясоў і азёр». Мэта выстаўкі – пазнаёміць наведвальнікаў з выданнямі, прысвечанымі Віцебскай вобласці; прадставіць Віцебшчыну з розных бакоў: яе гісторыю, культуру, прыроду.

Віцебская вобласць была ўтворана 15 студзеня 1938 года. Цэнтр вобласці – горад Віцебск. Размешчана яна ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны і вярхоўі Дняпра і займае паўночную частку Беларусі. Плошча – 40,0 тыс. кв. км. Адміністрацыйна вобласць падзяляецца на 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі. У вобласці налічваецца 19 гарадоў (найбольш буйныя - Віцебск, Орша, Наваполацк, Полацк), 28 гарадскіх пасёлкаў, 247 сельсаветаў, 6517 сельскіх населеных пунктаў.

Вобласць займае першае месца ў Беларусі па шчыльнасці рачной сеткі, па колькасці і агульнай плошчы азёр (іх налічваецца больш за 2 800); 37,4 % усёй тэрыторыі займае лес.

На выстаўцы наведвальнікі могуць убачыць выданні, якія знаёмяць з гісторыяй Віцебшчыны, у тым ліку з яе старонкамі, якія расказваюць аб Вялікай Айчыннай вайне. Асобна прадстаўлены шыкоўныя альбомы, прысвечаныя асобным гарадам: Віцебску, Наваполацку, Полацку, Оршы. Значная частка экспазіцыі прысвечана сучаснаму стану Віцебскага краю, яго багатай прыродзе і культуры.

334