Віртуальная выстава «Толькі мужны дасягае мэты». Да 95-годдзя з дня нараджэння Алеся Савіцкага (2019)

А. Савіцкі за рабочым сталом. Мінск, 1978 г.

Знакаміты беларускі пісьменнік Алесь Ануфрыевіч Савіцкі нарадзіўся ў Полацку 8 студзеня 1924 г. у сям'і рабочага. У 1930-я гг. яго бацька ўладкаваўся на службу ў войска, з-за чаго сям'я пераехала ў Гродна, дзе і заспела пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Савіцкія вярнуліся ў родны Полацк і спыніліся ў бабулі Алеся.

Не жадаючы мірыцца з акупацыяй, юнак Алесь Савіцкі пайшоў змагацца з ворагам у партызанскі атрад «Смерць фашызму», у шэрагі якога ён уступіў 6 лістапада 1942 г. У 1943 на поўначы Беларусі з'явіўся новы партызанскі атрад «Бальшавік» брыгады імя Варашылава, у якім 19-гадовы Алесь атрымаў важную пасаду камандзіра падрыўной групы. У 1944 г., калі тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад захопнікаў, Алесь Савіцкі быў прыняты ў рады Чырвонай Арміі.

У 1944 г. прымаў удзел у баях за Шаўляй, дзе быў трэці раз паранены. З гэтымі падзеямі ў біяграфіі пісьменніка звязана несправядлівая гісторыя. А. Савіцкі быў прадстаўлены да атрымання ордэна Славы, аднак з-за блытаніны з дакументамі ўзнагарода знайшла героя толькі праз… 55 гадоў. Акрамя гэтага, наш зямляк меў ордэн Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», ордэн Айчыннай вайны І ступені.

У пасляваенныя гады падчас сваёй журналісцкай працы ў рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг» Алесь Ануфрыевіч шмат ездзіў па Беларусі, асвятляў працэс аднаўлення краіны пасля вайны. Менавіта ў газеце «Бальшавіцкі сцяг» у 1948 г. выйшла ў свет першае апавяданне Алеся Савіцкага – «Рыбацкае шчасце».

Будучы пісьменнік добра разумеў неабходнасць адукацыі, таму ў 1953 г. паступіў ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Падчас вучобы Алесь Савіцкі нярэдка бываў у камандзіроўках па ўсяму Савецкаму Саюзу, дзякуючы чаму малады пісьменнік прыняў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве Брацкай ГЭС, нават працаваў зменшчыкам шафёра. Паўсядзённы гераізм будаўнікоў настолькі яго ўразіў, што гэта стала падмуркам для напісання аповесці «Кедры глядзяць на мора», якая ў выніку была залічана Савіцкаму як дыпломная работа. Напісана аповесць была яшчэ ў 1956 г., а ў 1960 г. яна была надрукавана ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. У гэтым творы праз асобу галоўнага героя – юнака з Полацка Пятра Каваля – Алесь Савіцкі апісаў не толькі ўнутраны свет будаўнікоў Брацкай ГЭС, але і рэчаіснасць, у якой праходзіла духоўнае сталенне савецкага грамадства ва ўмовах пасляваеннай індустрыялізацыі краіны.

У 1958 г. Алесь Ануфрыевіч скончыў Літаратурны інстытут, а ў 1961 г. – аспірантуру пры ім. У тым жа годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР і СП БССР. У 1969–1973 гг. займаў важную пасаду загадчыка сектара літаратуры ў аддзеле культуры ЦК КПБ.

Вострым маральным праблемам прысвяціў А. Савіцкі і сваю наступную аповесць «Пасля паводкі» (1962). Толькі калі ў кнізе «Кедры глядзяць на мора» размова ішла аб станаўленні асобы, яе духоўным росце, то тут у цэнтры ўвагі стаіць разбурэнне асобы праз прыярытэт матэрыяльных каштоўнасцей.

У 1963 г. выйшаў першы раман аўтара – раман «Жанчына». Твор працягвае агульную лінію барацьбы пісьменніка за высокія маральныя прынцыпы, за духоўнасць чалавека, пачатую ў першых аповесцях.

Самыя раннія апавяданні Алеся Савіцкага сабраны ў зборніку «Белы гарлачык» (1965). У 1972 г. выйшаў зборнік «Аповесці», які змяшчаў мастацкія аповесці «Кедры глядзяць на мора» і «Самы высокі паверх». А ў 1985 г. – «Выбраныя творы» ў 2 тамах; у 1 том увайшлі раман «Жанчына» і аповесць «Кедры глядзяць на мора», у 2 томе – «Самы высокі паверх», «І нічога ўзамен».

У канцы 1960-х – пачатку 1970-х гг. з друку выйшлі аповесці Алеся Савіцкага «Самы высокі паверх» і «След пракладае першы». У кожнай з іх свая сюжэтная лінія, свае часавыя і прасторавыя параметры, але разам яны даюць чытачу абагулены вобраз савецкага рабочага, рукамі якога аднаўлялася разбураная вайной гаспадарка і будаваліся новыя гарады і які галоўнае сваё прызначэнне бачыць у самаадданай творчай працы на карысць грамадства. Спалучэнне дакументальнага пачатку з мастацкасцю дазволіла Алесю Савіцкаму стварыць вобразы, у якіх сканцэнтраваны ўсе лепшыя якасці адданага справе рабочага чалавека.

За аповесць «Самы высокі паверх» А. Савіцкаму была прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, а за «След пракладае першы» – прэмія Савецкіх прафсаюзаў за лепшы твор аб рабочым класе.

У 1973 г. А. Савіцкі пакінуў пасаду загадчыка сектара літаратуры ў аддзеле культуры ЦК КПБ. Праводзячы пісьменніка на «вольны хлеб», Пётр Міронавіч Машэраў паабяцаў, што ў самастойнай працы для Алеся Савіцкага будуць створаны спрыяльныя ўмовы. З гэтага часу пісьменнік пачаў актыўна распрацоўваць тэму вайны.

У перыяд з 1976 па 1983 г. былі напісаны раманы «Верай і праўдай», «Літасці не чакай», «Памерці заўсёды паспееш», якія склаліся ў асобную ваенную трылогію, у цэнтры якой аўтар паставіў гісторыю змагання з ворагам цэлай сям'і з Полацка. Партызанская трылогія была завершана да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яна стала справаздачай пісьменніка пра ўласны ўдзел у партызанскай барацьбе супраць ворага, стала падзякай кожнаму трэцяму беларусу, што загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Па тэматыцы да ваеннай трылогіі А. Савіцкага блізка стаіць раман «Зямля не раскажа» (1980). Перад чытачом зноў паўстае тая ж самаахвярнасць людзей, іх барацьба з ворагамі не на жыццё, а на смерць, той жа ўсенародны характар супраціўлення захопнікам. У рамане прадстаўлена драма чалавечага існавання пад прыгнётам, трагедыя жыцця ў такіх умовах найбольш безабароннай часткі насельніцтва: жанчын, дзяцей і старых.

40-годдзю вызвалення Беларусі пісьменнік прысвяціў мастацкую аповесць «Белая знічка» (1984). Гэты твор паказвае чытачам будні маладых партызан, у ім адлюстраваны працэс сталення васямнаццацігадовых беларускіх юнакоў і дзяўчат у суровыя ваенныя гады, калі на гартаванне высокіх грамадзянскіх і маральных якасцей людзей лёс зусім не адводзіў часу.

Да аднаго з лепшых твораў Алеся Савіцкага на ваенную тэматыку адносіцца раман «Верасы» (1987). Галоўная гераіня твора – студэнтка медінстытута Наста на пачатку вайны апынулася ў акупаваным Полацку, дзе была мабілізавана па законах ваеннага часу на дапамогу цяжка параненым.

Пяру Алеся Ануфрыевіча належыць і маштабны дакументальны твор – раман «Обаль», які выйшаў у 1989 г. Твор прысвечаны дзейнасці обальскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у ім і паказаны рэальныя асобы – падпольшчыкі Зіна Партнова, Фруза Зянькова, Мікола Зянькоў, Аркадзь Барбашоў і інш. У спалучэнні з аўтарскімі адступленнямі, псіхалагічным роздумам герояў аб прасторы і часе, месцы і ролі ў іх чалавека, ствараецца карціна юнацкага жыцця падчас змагання з непрыяцелем.

У часы незалежнай Беларусі Алесь Савіцкі выдаў дзіцячую трылогію «Дзівосы Лысай гары», у якую ўвайшлі тры аповесці-казкі, дзве з якіх – «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка» і «Прыгоды Муркі» – друкаваліся раней, а таксама «Яўгенка, Лінда і Рык».

У 2011 г. выйшла біяграфічная кніга «Сонца на ўсіх адно». У ёй аўтар разважае пра мінулае і сучаснасць, пра сувязь пакаленняў, пра духоўнае жыццё грамадства. У кнізе сабраныя празаічныя творы пісьменніка, інтэрв'ю і ўспаміны.

Апошні раман Алеся Савіцкага «Пісьмо ў рай» (2012) прысвечаны памяці бацькі пісьменніка – Ануфрыя Якаўлевіча. У творы пісьменнік закранае праблему страты грамадствам спрадвечных каштоўнасцяў. Дадзены раман – гэта вынік роздумаў і хваляванняў аўтара наконт трансфармацыі грамадства на мяжы стагоддзяў.

Акрамя пісьменніцкай працы, у апошнія гады А. Савіцкі займаўся таксама арганізацыйнай дзейнасцю ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, выступаў на радыё і ў перыядычным друку. Сыйшоў з жыцця Алесь Ануфрыевіч 5 кастрычніка 2015 г.

За сваё доўгае і багатае на падзеі жыццё Алесь Ануфрыевіч здабыў цэлы шэраг узнагарод і ганаровых званняў. Сярод іх ордэны Чырвонай зоркі, Славы ІІІ ступені, Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «Знак Пашаны». У 1987 г. Алесь Савіцкі атрымаў званне Ганаровага грамадзяніна горада Полацка.

Усяго ў фондах НПГКМЗ налічваецца 73 прадметы, звязаныя з Алесем Савіцкім. Большасць з іх – гэта выданні яго твораў розных часоў, а таксама прысвечаныя яму артыкулы. Сабраны таксама фотаздымкі 1947–2010 гг., ганаровая стужка з надпісам «Целинник», ручка фірмы «Parker».

Алесь Ануфрыевіч Савіцкі з'яўляецца значнай постаццю ў беларускай літаратуры ХХ ст. Творы пісьменніка вызначаюцца вялікай любоўю да жыцця, напоўнены верай у праўду і моц чалавечага духу. За свой творчы шлях ён напісаў і выдаў 8 аповесцей, 10 раманаў, зборнік апавяданняў «Белы гарлачык», зборнік апавяданняў для дзяцей «Шкляная нітка», казачную трылогію «Дзівосы Лысай гары» і інш. Яго творы перакладзены на армянскую, грузінскую, казахскую, рускую, славацкую, туркменскую, узбекскую і ўкраінскую мовы.

Важнай падзеяй у літаратурным жыцці Полаччыны з’яўляецца ўручэнне мясцовым аўтарам літаратурнай прэміі імя Алеся Савіцкага, якая была заснавана ў 2015 г. Упершыню прэмія была ўручана Віктару Карасёву падчас адкрыцця памятнай дошкі на адной з бібліятэк горада.