Віртуальная выстава «Эпісталярныя крыніцы ваеннай пары ў фондах НПГКМЗ»

9 мая споўнілася 80 год з таго дня, як савецкія войскі здабылі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. І хоць пра тую жудасную пару вядома, здавалася б, шмат, даследчыкі не спыняюць пошукаў новых крыніц, каб больш дэталёва і глыбока асвятліць усю трагедыю народа. Адным з аб'ектаў інтарэсу зацікаўленых гэтай справай з'яўляюцца эпісталярныя крыніцы ваеннай пары. Ім і прысвечана віртуальная выстава.

Эпісталярны жанр характэрны пісьмовым паведамленням у форме лістоў, паштовак, тэлеграм, прызначаных для перадачы канкрэтнай інфармацыі ад аднаго чалавека да іншага. На працягу многіх стагоддзяў ліставанне было адзінай магчымасцю для людзей падтрымліваць сувязь на адлегласці. Франтавыя ж лісты – гэта асаблівая з’ява ваеннага часу, яны пакуль што недастаткова вывучаны гісторыкамі. Гэтыя лісты дазваляюць нам нібыта зазірнуць у жыццё салдат, даведацца пра іх адносіны з тымі, хто чакаў дома. 

З першых дзён вайны стала зразумела, што тагачасная паштовая служба не спраўлялася з пастаўленай задачай. У той час як у войску былі складанасці з пастаўкай снарадаў, патронаў, баявой тэхнікі, у паштовых службаў узнік востры дэфіцыт канвертаў. Выйшлі са становішча вельмі проста: на франтах ад канвертаў проста адмовіліся. Іх замянілі лісты-трыкутнікі, якія і сталі сімвалам ваеннай пошты. На вонкавым баку трыкутніка пісалі адрас і пакідалі чыстае месца для адзнак паштовых службаў. Дэфіцытам на фронце былі і чыстыя аркушы паперы, таму пісалі на ўсім, што мела вольную паверхню: на бланках дакументаў, абрыўках плакатаў і нават упакоўкі.

У франтавых лістах пісалі пра рознае: пра сям’ю, пра каханне, пра будзёнасць на вайне. У іх можна знайсці інфармацыю пра цэны на прадукты, салдацкі фальклор, цікавыя факты. У кожным слове салдат і афіцэраў гучыць патрыятызм, выяўляецца мараль і пачуцці абаронцаў Радзімы. Франтавыя лісты не заляплялі і не клеілі на іх марак. Перад тым, як яны трапяць да адрасатаў, лісты абавязкова праходзілі ваенную цэнзуру. Але нават праз гэта яны захавалі важныя гістарычныя звесткі. Шмат такіх лістоў знаходзіцца ў музеях, архівах і ўласных зборах.

Некалькі дзясяткаў прадметаў эпісталярнага жанру ваеннай пары захоўваюцца і ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. На выставе прадстаўлены некаторыя лісты і паштоўкі 1940-х гг.

Напрыклад, ліст-трыкутнік ад Віля Лазаравіча Эпштэйна да яго маці Фрыды Міхайлаўны. Ліст датаваны 1942 годам. На ім ёсць пячаткі палявой пошты г. Куйбышава. Віль Эпштэйн пісаў сваёй маці і сястры пра службу ў арміі, казаў, што праца яго цікавая. Тут жа звяртаў увагу на недахоп тытуню і прасіў як будзе магчымасць выслаць. Віль Лазаравіч цікавіўся ў маці пра жыццё ў тыле і асабліва пра лісты ад бацькі.

У фондах НПГКМЗ захоўваюцца яшчэ некалькі лістоў ад Віля Лазаравіча Эпштэйна. У адным з іх­ – ваенны фальклор: армейская песня, у якой ёсць такія словы:

«…Война трудна, поход суров,

Тревожен каждый час,

Но пища впрок и сон здоров

И весел дух у нас…».

Падобны ліст-трыкутнік з фронту ў 1944 г. атрымала палачанка Паліна Бондарава. Аўтар, якога звалі Іван, напісаў ёй пра прыбыцце на месца дыслакацыі, пра здадзеныя падчас вучобы залікі, пра надзею на тое, што пасля атрымання спецыяльнасці будзе працаваць адпаведна ёй. Хлопец заўважыў, што ён будзе выконваць баявыя задачы «по окончательному разгрому фашистского зверя» і запэўніў Паліну ў абавязковай перамозе Чырвонай Арміі. Сваю думку ён пацвердзіў адпаведным вершам:

«Пускай их кров лётся

Ведь недаром много песень

На фронтах поётся!...».

Ліст ад мужа Мікалая Пятровіча Глазунова (галоўны архітэктар г. Полацка ў 1956–1969 гг.) атрымала і Вера Мікалаеўна. Напісаны ён у 1942 годзе. Як і іншыя вайскоўцы, Мікалай Пятровіч распавядаў пра сваё жыццё на фронце. Большую частку ліста займаў напісаны ім верш:

«Сегодня я всгрустнул немножко

И вспомнил снова о тебе,

Как ты стояла на дорожке,

Прощальный взгляд бросая мне…».

У канцы ліста Мікалай Пятровіч прасіў жонку жыць з надзеяй на лепшае і не плакаць – ён пакуль жывы і прычын для слёз няма.

З фронту родным прыходзілі і паштоўкі, часам з віншаваннямі. Адна з такіх паштовак была адпраўлена Паўлам Фёдаравічам Коршыкавым ( з 1967 г. – настаўнік гісторыі сярэдняй школы №1 г. Полацка) у 1942 г. сваёй сястры Антаніне. У ёй Павел Фёдаравіч віншаваў Антаніну Фёдараўну з надыходзячым Новым годам і жадаў шчасця.

Паштовыя карткі не толькі з фронту атрымлівала Зінаіда Міхайлаўна Тусналобава-Марчанка – Герой Савецкага Саюза (званне прысвоена ў 1957 г.), Ганаровы грамадзянін горада Полацка (прысвоена ў 1967 г.). У 1941 г. Зінаіда Міхайлаўна скончыла школу медсясцёр, а ўжо ў 1942 г. была на фронце. Там яна працавала санінструктарам. Падчас бою ў лютым 1943 г. была цяжка паранена, атрымала абмаражэнне. Ёй ампуціравалі рукі і ногі. Паштоўку з  пажаданнямі выздараўлення Зінаідзе Міхайлаўне даслалі камсамольцы і моладзь на адрас Інстытута пратэзіравання ў Маскве. Другую паштоўку адправіў яе будучы муж Іосіф у 1945 г., калі сам ляжаў у шпіталі.

Сем’і захоўвалі гэтыя дарагія вестачкі з фронту. Радкі з лістоў ваеннай пары ажыўляюць гісторыю, дазваляючы нам адчуць дух часу. Нашая галоўная задача — не здрадзіць памяці нашых продкаў, захаваць гістарычную праўду, зафіксаваную ў эпісталярных крыніцах часоў Вялікай Айчыннай вайны.