Выстава «Нішто сабе жарты!» (гумар на старонках беларускіх выданняў)


Традыцыі жарту ў беларускай літаратуры маюць даўнюю і багатую гісторыю. Яе вытокі можна адшукаць як у фальклоры, так і ў старажытным беларускім пісьменстве. Хоць жыццё нашых продкаў было далёка не бесклапотным, яны ўмелі і любілі весяліцца. Да нашага часу захаваліся шматлікія жартоўныя песні, казкі, гульні і анекдоты. 

Новая беларуская літаратура, якая прабівала сабе дарогу, нягледзячы на ўсе забароны і перашкоды, мела цесную сувязь з народнай творчасцю і таксама часта несла ў сабе гумарыстычны пачатак. Яркімі прыкладамі сталі парадыйна-сатырычныя паэмы «Энеіда навыварат» Вікенція Равінскага і «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына, якія доўгі час бытавалі як ананімныя, перапісваліся ад рукі ці завучваліся на памяць.

У савецкі час галоўным аб'ектам сатыры, апрача замежнай буржуазіі, становіцца царква. Яркім прыкладам з'яўляецца паэма «Біблія» Кандрата Крапівы, шматлікія антырэлігійныя зборнікі і т.п. 

Адным з самых старажытных літаратурных жанраў з'яўляецца байка. Цалкам арыгінальныя байкі ствараў непараўнальны беларускі байкапісец К. Крапіва. Не менш старажытным жанрам, вядомым з антычных часоў, які добра прыжыўся ў нашай літаратуры, з'яўляецца камедыя. Айчынная камедыя нарадзілася з батлеечных інтэрмедый. На пачатку ХХ ст. з'явіліся першыя беларускія самадзейныя, а потым і прафесійныя калектывы, якія ставілі і перакладныя (М. Крапіўніцкага), і арыгінальныя (Я. Купалы) творы.

Нельга абысціся без гумару і ў творах для дзяцей. Вясёлыя жартоўныя апавяданні, вершы, казкі, скорагаворкі, загадкі, лічылкі, небыліцы, пацешкі, смяшынкі не толькі лёгка чытаюцца, але развіваюць і выхоўваюць маленькіх чытачоў (альбо слухачоў).

Свой унёсак у тэму гумару і сатыры зрабілі і беларускія мастакі, якія стваралі і ствараюць вострыя сатырычныя карыкатуры, сяброўскія шаржы, запамінальныя ілюстрацыі да літаратурных твораў.

640