Хадкевіч Тарас

7 сакавіка 1912 г. нарадзіўся Тарас Хадкевіч — беларускі празаік, паэт, перакладчык, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Тарас Канстанцінавіч Хадкевіч нарадзіўся ў вёсцы Шайцерава Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобл.) у сялянскай сям’і. Скончыўшы сямігодку ў Валынцах (дзе ў школьнай сценгазеце змяшчаліся яго вершы), навучаўся ў Полацкім педагагічным тэхнікуме (1927—1929). А ў 1929—1931 гг. працаваў у газеце «Чырвоная Полаччына» — разам з Э. Самуйлёнкам і А. Астрэйкам.

Яшчэ ў 1926 г. атрымаў членскі білет «Маладняка».

З восені 1931 г. ён у Мінску. Вучыўся ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце, вучобу сумяшчаў з работай у Беларускім тэлеграфным агенцтве. Працаваў у газеце «Чырвоная змена» (1933—1934), служыў у Чырвонай Арміі (1934—1936). У 1936—1941 гг. быў раз’язным карэспандэнтам газеты  «Звязда».

У час Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам узвода, у верасні 1941 г. трапіў, паранены, у палон, тройчы ўцякаў (апошні раз, у 1945 г., паспяхова).

Пасля вайны працаваў у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР. Заслужаны работнік культуры БССР (1972).

Памёр 14 жніўня 1975 г.

Выданне з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Першы верш Т. Хадкевіча быў надрукаваны ў 1925 г. у часопісе «Малады араты», а ў 1932 г. выйшаў зборнік паэзіі «Смялей, таварыш!».

Але потым ён перайшоў на прозу. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Братэрства» (1948), «Вяснянка» (1949), «Рэха ў гарах» (1951), «Сяброўства» (1952), «На новым месцы» (1954), «Сад у квецені» (1966), «За акном дождж» (1967), а таксама раманаў «Даль палявая» (1959) і «Песня Дзвіны» (1975). Апошняя кніга расказвае пра будаўніцтва Наваполацка. Гэтай жа тэме прысвечаны нарыс «Нафтагігант на Дзвіне» (1963).

Быў аўтарам кнігі-нарыса «Мая Беларусь» (1961), даведніка «Мінск» (1962), сааўтарам кнігі «Мы раскажам пра Мінск» (1964).

Для дзяцей напісаў кніжкі апавяданняў «За сінім лесам» (1951), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Жыла-была казка» (1967), «Дзвіна пайшла» (1968), «Крынічка» (1983).

Пераклаў на беларускую мову творы М. Горкага, а таксама раман А. Чайшвілі «Лело».