Трус Паўлюк

6 мая 1904 г. нарадзіўся Паўлюк Трус — беларускі паэт, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Радзімай паэта з’яўляецца вёска Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Паходзіў ён з малазямельнай сялянскай сям’і. Ужо ў вясковай школцы выявіўся талент Паўлюка як мастака. Ён таксама спяваў у хоры і складаў свае песні.

Потым была Уздзенская сямігодка, дзе будучы паэт пазнаёміўся і пасябраваў з Пятром Глебкам і Алесем Якімовічам. Выпускалі з сябрамі сценгазету, абмяркоўвалі напісанае.

У 1923—1927 гг. вучыўся ў Мінскім белпедтэхнікуме. У гэты час там выкладалі Якуб Колас і Язэп Лёсік, хорам кіраваў Уладзімір Тэраўскі, а літгуртком — Міхась Зарэцкі. Вучыліся ў тэхнікуме, амаль адначасова з Трусам, Лукаш Калюга, Валеры Маракоў, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Наталля Вішнеўская, Зінаіда Бандарына, Сяргей Дарожны, Сымон Хурсік. Але нават у такім сузор’і талентаў малады паэт не толькі не згубіўся, а стаў зоркай першай велічыні. Хлопец прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, спяваў у хоры, наладжваў пастаноўкі п’ес, выконваючы ў іх ролі і малюючы дэкарацыі. І настойліва, штодня працаваў над вершамі, якія ахвотна чытаў уголас. Актыўна друкаваўся ў часопісах «Малады араты» і «Маладняк», у газетах «Беларуская вёска» і «Чырвоная змена».

У 1925 г. П. Трус стаў членам «Маладняка». Раз на тыдзень наведваў паэтычную студыю, слухаў лекцыі Адама Бабарэкі, прымаў удзел у дыскусіях. Пасля расколу «Маладняка» ў 1927 г. увайшоў у ініцыятыўную групу, прымаў удзел у скліканні з’езда арганізацыі. Часта наведваў фабрыкі і заводы, выступаў перад моладдзю.

Арганізатарскія здольнасці П. Труса шырока раскрыліся ў час яго працы ў газеце «Палеская праўда» ў Гомелі (1927—1928). У 1928 г. паэт паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ.

Летам 1929 г. Паўлюк Трус адправіўся ў падарожжа па Магілёўшчыне, дзе захварэў на тыфус. Па дарозе дамоў адчуў сябе блага, сам пехатою дабраўся да інфекцыйнай бальніцы ў Мінску з тэмпературай пад 40. Яго паклалі ў калідоры — месцаў не было. Раніцай 30 жніўня яго не стала. На пахаванні ў ганаровай варце стаялі Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, К. Крапіва.

Выданне з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Паэт, які пражыў усяго 25 гадоў, паспеў выдаць два зборнікі паэзіі: «Вершы» (серыя «Кніжніца Маладняк», 1925) і «Ветры буйныя» (1927). Пазней выходзілі кнігі выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), а таксама «Збор твораў» (1934). Была выдадзена кніжка для дзяцей «Падаюць сняжынкі» (1983), а ў 1984 г. падрыхтаваны зборнік вершаў і паэм «Новай квадры настаў маладзік».