Чорны Кузьма

24 чэрвеня 1900 г. нарадзіўся Кузьма Чорны — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Мікалай Карлавіч Раманоўскі (такое сапраўднае імя пісьменніка) з’явіўся на свет у маёнтку Боркі Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). Бацькі служылі парабкамі ў пана Эдварда Вайніловіча. Калі хлопчыку споўнілася 8 гадоў, яны пераехалі ў мястэчка Цімкавічы на Капыльшчыне. Бацька зарабляў на жыццё цяслярствам, маці выхоўвала пяцёра дзяцей.

Скончыўшы Цімкавіцкае народнае вучылішча, у 1916 г. будучы пісьменнік паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Закончыць яе не ўдалося, бо ў 1919 г. польскія ўлады зачынілі семінарыю. Летам 1920 г. з прыходам Чырвонай Арміі пайшоў працаваць у Цімкавіцкі валасны рэўком. Пасля быў пераведзены на канцылярскую работу ў Слуцкі павятовы ваенны камісарыят.

Восенню 1923 г. паступіў на літаратурнае аддзяленне педфака БДУ, дзе правучыўся два курсы. Яшчэ студэнтам у 1924 г. пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска».

Членам «Маладняка» быў з часу яго арганізацыі ў 1923 г. да першага расколу (1926). У 1926—1931 гг. — старшыня літаратурнага аб’яднання «Узвышша». У 1932—1937 гг. — галоўны літаратурны кансультант кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР.

Беспадстаўна арыштаваны ў 1938 г., прасядзеў у мінскай турме амаль 8 месяцаў, але быў выпушчаны на волю. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве), працаваў у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», у часопісе «Беларусь». 

Летам 1944 г. вярнуўся ў Мінск. Апошнія месяцы жыцця цяжка хварэў — адбіліся ранейшыя хваробы (сухоты, з-за якіх ён у свой час пакінуў вучобу), катаванні ў турме, недаяданне ў эвакуацыі. Памёр 22 лістапада 1944 г.

Выступаць у друку пачаў у 1920 г. з артыкуламі і вершамі. Падпісваўся спачатку ўласным прозвішчам, крыптанімам «М.Р.», рознымі псеўданімамі і крыптанімамі. У 1923 г. у газеце «Савецкая Беларусь» былі надрукаваны апавяданні маладога празаіка, падпісаныя псеўданімам «Кузьма Чорны». Так пісьменнік аддаваў даніну павагі свайму дзеду Міхалу Парыбку, па-вулічнаму — Чорнаму, вядомаму на цэлую акругу майстру-сурвэтніку.

У 1925 г. выйшлі адразу два зборнікі: «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У 1926 г. — тры зборнікі апавяданняў: «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». Потым былі «Вераснёвыя ночы» (1929), «Нянавісць» (1930), «Буры» (1930), «Два апавяданні» (1932), «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), «Выбраныя апавяданні» (1932), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1941), «Вялікае сэрца» (1945).

Кузьма Чорны вядомы і як аўтар буйных празаічных твораў — аповесцей «Лявон Бушмар» (1930), «Вясна» (1931), «Люба Лук’янская» (1937), «Насцечка» (1941), раманаў «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1932), «Трэцяе пакаленне» (1935).

Выступаў таксама ў жанры драматургіі (п’есы «Бацькаўшчына», «Базылёва сям’я», «Ірынка»).

Пераклаў на беларускую мову аповесці А. Пушкіна «Трунар», «Станцыйны даглядчык», «Паненка-сялянка», «Дуброўскі», «Капітанская дачка»; У. Караленкі «У благой кампаніі»; Я. Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» (ч. 4); п’есы М. Гогаля «Рэвізор»; А. Астроўскага «Гарачае сэрца», «Позняе каханне»; М. Горкага «Апошнія», «Варвары» і інш.

Выйшлі «Зборы твораў» у 6-ці (1954—1955) і ў 8-мі (1972—1975) тамах, у якія ўвайшлі творы К. Чорнага, якія асобнымі выданнямі да гэтага не публікаваліся (раманы «Сястра», «Ідзі, ідзі», «Трыццаць год», «Пошукі будучыні», аповесць «Скіп’ёўскі лес» і многія іншыя).

У фондах НПГКМЗ захоўваецца даволі прадстаўнічая калекцыя выданняў Кузьмы Чорнага, у тым ліку яго першыя зборнікі з дароўнымі надпісамі, адрасаванымі беларускаму журналісту Алесю Матусевічу, з якім Чорны разам працаваў у «Беларускай вёсцы».