Шынклер Хвядос

22 верасня 1903 г. нарадзіўся Хвядос Шынклер — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Хвядос Сяргеевіч Шынклер паходзіць з сям’і чыгуначніка, а месцам яго нараджэння стала станцыя Ізяслаўль (цяпер Беларусь) Мінскага павета. У хуткім часе бацьку прызначылі начальнікам станцыі Рудзенск. Там і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага пісьменніка. Вучыўся ён у Мінскім рэальным вучылішчы (1914—1920). З 1919 г., не пакідаючы вучобы, працаваў на чыгунцы тэлеграфістам, пасля — бібліятэкарам, загадчыкам клуба.

З 1922 г. з’яўляўся рабкорам розных газет і часопісаў («Правда», «Гудок», «Савецкая Беларусь», «Камуніст», «Маладняк», «Узвышша» і інш.). Па прадстаўленні Міхася Лынькова ўвайшоў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк».

З 1929 г. Шынклер — супрацоўнік бабруйскай акруговай газеты «Камуніст», са снежня 1931 г. — сакратар рэдакцыі транспартнай газеты «Ударнік» (Жлобін). У 1935—1941 гг. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і часопісе «Полымя рэвалюцыі».

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Свярдлоўск, працаваў на тэлеграфе. У 1942 г., нягледзячы на дрэннае здароўе, пайшоў добраахвотнікам у армію. Чатыры месяцы быў курсантам вайсковага вучылішча ў горадзе Кыштым Чалябінскай вобласці, атрымаў званне малодшага лейтэнанта.

Загінуў пад Сталінградам 25 кастрычніка 1942 г.

Асноўнай тэмай творчасці пісьменніка стала чыгунка. Пачынаў ён з рабкораўскіх допісаў, потым перайшоў да артыкулаў, нарысаў, фельетонаў. У 1928 г. надрукаваў першае апавяданне.

Асобнымі выданнямі выйшлі яго апавяданні «Ічэ» (1929) і «Блок» (1930), зборнік апавяданняў «Стрэлачнік Мігай» (1930), аповесці «Сонца пад шпалы» (1933, 1972), «Запіскі інструктара Томана» (1934).

Хвядос Шынклер вядомы і як аўтар аповесці для дзяцей «Петрык-завадатар» (1935, 1959, 1973).

Напісаў таксама п’есу «Пачэсны рэйс» (1939), кінасцэнарый «Шчаслівы шлях» (з Ю. Рудзько, 1940). Выступаў рэцэнзіямі, нарысамі.

Пазней выходзілі яго кнігі «Пульс жыцця» (1950, 1959), «Выбраныя творы» (1960), «Апошні рэйс» (1984).