Выстаўка «Пад знакам адданасці роднай зямлі» (да Дня памяці Еўфрасінні Полацкай)


Без імя Еўфрасінні Полацкай немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у ХІІ ст., але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Князёўна, ігумення, асветніца, святая Еўфрасіння пакінула па сабе вечную памяць у душы народа.
Ахвярная праца святой Еўфрасінні, як і яе сучасніка Кірылы Тураўскага, абумовіла высокі культурны ўздым на зямлі нашых продкаў. Гісторыкі звязваюць з яе іменем полацкае летапісанне і збіранне бібліятэкі Сафійскага сабора. Багаты плён яе працы падымаў аўтарытэт Полацкага княства ў вачах Візантыі і іншых краін. Прыклад Еўфрасінні натхняў яе землякоў і наступнікаў: першадрукара Францыска Скарыну, паэта і асветніка Сімяона Полацкага.

З 2 па 7 чэрвеня 2015 года ў Музеі беларускага кнігадрукавання працуе выстаўка «Пад знакам адданасці роднай зямлі», прымеркаваная да Дня памяці Еўфрасінні Полацкай, які традыцыйна адзначаецца 5 чэрвеня.

На выстаўцы Вы можаце ўбачыць унікальныя матэрыялы: копію «Жыція Еўфрасінні Полацкай» у спісе XVI ст., а таксама яго сучаснае факсімільнае ўзнаўленне; выданні, прысвечаныя пераносу мошчаў Прападобнай Еўфрасінні з Кіева ў Полацк у 1910 г.; сучасныя кнігі, прысвечаныя Еўфрасінні, у тым ліку выданні Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

167