Гісторыка-культурныя каштоўнасці ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь – спіс аб'ектаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі, мастацтва, паркавыя комплексы, музейныя калекцыі і кнігі, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай Рэспублікі Беларусь. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Беларусі падзяляюцца на наступныя 4 катэгорыі, пазначаныя лічбамі:

0 – гісторыка-культурная каштоўнасці, уключаныя або прапанаваныя да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны;

1 – унікальныя мастацкія, эстэтычныя і дакументальныя аб'екты міжнароднага значэння;

2 – аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння;

3 – гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіянальнага значэння.

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці надаецца аб'ектам з улікам іх мастацкай каштоўнасці і адлюстравання найбольш значных падзей, з'яў, гістарычных фактаў. Рашэнне аб наданні такога статусу прымае Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

У экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання размешчаны тры прадметы са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці (2):

 


  • Кніга «12 прамоў» Джыралама Фалеці на лацінскай мове выйшла ў 1558 г. у Венецыі ў выдавецкім доме Альдаў, дзе ў свой час, як лічыцца, навучаўся друкарскай справе Ф. Скарына. Наша «альдзіна» – самая старая друкаваная кніга ў зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Кніга была закуплена ў 1989 г. у краме «Рарытэт» (г. Масква).

 


  • «Евангелле вучыцельнае» – зборнік павучанняў і тлумачэнняў евангельскіх тэкстаў. З’яўляецца найбольш каштоўным выданнем у кірылічным кнігазборы музея-запаведніка. Першапачаткова «Евангелле вучыцельнае» было надрукавана ў Заблудаўскай друкарні ў 1569 г. І. Фёдаравым і П. Мсціслаўцам. У Музеі беларускага кнігадрукавання знаходзіцца арыгінальнае выданне 1595 г., якое надрукавана было ў Вільні братамі Мамонічамі. Кніга набыта ў 1989 г. у краме «Мосбуккнига» (г. Масква).

 


  • Кніга рукапісная «Распевы» (пасля 1789 г.) – стараверскі зборнік спеваў, запісаны так званымі «крукамі». Змяшчае знаменны спеў – асноўны спеў старажытнарускай манадыйнай музыкі ХІ–XVII стст., прызначаны для царкоўнага набажэнства. Кніга набыта ў прыватнай асобы.