Супрацоўнікі музея далучыліся да круглага стала, прысвечанага спадчыне Аляксея Сапунова

Штодзённае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, удзел у навуковых мерапрыемствах у online-фармаце ўжо даўно сталі нормай прафесійнага жыцця музейных супрацоўнікаў. 

Так, 17 сакавіка навуковыя супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання прынялі ўдзел у якасці слухачоў у круглым стале «Аляксей Сапуноў: спадчына збіральніка віцебскай даўніны». Мерапрыемства было арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, супрацоўнікі якой сталі асноўнымі дакладчыкамі, пры ўдзеле калег з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. У год юбілею Аляксея Сапунова — беларускага гісторыка, археографа і краязнаўцы, жыццё і дзейнасць якога звязаны з Віцебшчынай і Полаччынай, важна чарговы раз згадаць і пра асобу даследчыка, і пра яго інтэлектуальную спадчыну, а таксама скарыстаць нагоду для давядзення да шырокага кола зацікаўленых мала ці ўвогуле невядомых дакументаў. Дыяпазон агучаных тэм быў даволі шырокі: «Кнігазбор А.П. Сапунова ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі» (Захарава Таццяна Мікалаеўна, загадчык сектара музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі), «Архіў А.П. Сапунова ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея» (Варламава Надзея Пятроўна, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Віцебскага абласнога краязнаўчага музея), «Экспанат, якога няма: Статут ВКЛ з калекцыі Аляксея Сапунова» (Суша Аляксандр Аляксандравіч, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі), «Дакументы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці аб жыцці, дзейнасці і спадчыне Аляксея Парфёнавіча Сапунова» (Мясаедава Святлана Мікалаеўна, вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці), «А.П. Сапуноў у гісторыі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі» (Градоўкіна Ірына Уладзіміраўна, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі), «Прафесар А.П. Сапуноў: ушанаванне памяці. 1924–2021» (Хмяльніцкая Людміла Уладзіміраўна, гісторык, рэдактар гістарычнага навукова-папулярнага альманаха «Віцебскі сшытак»).

Выказваем падзяку калегам за змястоўныя даклады і магчымасць пазнаёміцца з актуальнымі вынікамі даследаванняў!

774