Для аматараў скандынаўскіх міфаў і полацкіх легенд

5 чэрвеня ў 14.30 Музей беларускага кнігадрукавання запрашае ўсіх аматараў старажытнай міфалогіі і дэтэктыўных пошукаў старажытных рэліквій на прэзентацыю новых выданняў маладых беларускіх аўтараў!

Ён – Яўген Папакуль, перакладчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладае міфалогію і шведскую мову, перакладае са шведскай, старажытнаісландскай, фарэрскай ды мовы норн. Натхняецца суровай Поўначчу і коцікамі. Прадстаўляе першы поўны пераклад на беларускую мову эдычных песень пра асаў і ванаў, альваў і двэргаў, ётунаў і валькір’яў – шэдэўра старажытнаісландскай літаратуры «Паэтычная Эда».

Яна – Маргарыта Латышкевіч, пісьменнік, фалькларыст, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, з дзяцінства любіць беларускую міфалогію, што з часам і прывяло яе ў жанр фэнтэзі. Прадстаўляе прыгодніцкую аповесць «Уласны крыж», у якой расказвае пра Полацк і пошукі славутага крыжа Еўфрасінні Полацкай. 

Акрамя цікавых сюжэтаў, вас чакае займальная віктарына і невялічкія прэзенты ад аўтараў. Правядзіце дзень у добрай кампаніі і з цікавай кнігай!

847