Праект «Бум!–Ага!»: папяровае мастацтва беларусаў

За той час, што мінуў з пачатку рэалізацыі праекта «Інклюзіўная творчая лабараторыя «Бум!–Ага!», удзельнікі і арганізатары паспелі добра пазнаёміцца. Кожную новую сустрэчу, якая праходзіць у новым месцы і з новымі людзьмі, абодва бакі чакаюць з вялікім нецярпеннем.

У сакавіку наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў г. Полацка працягнулі даследаваць гісторыю паперы, якая, распаўсюдзіўшыся па нашых землях, знайшла прымяненне не толькі ў кнігадрукаванні, але і ў народным мастацтве. Гэты аспект і стаў галоўнай тэмай занятка «Папяровае мастацтва беларусаў». У атмасферным інтэр’еры Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я з народнымі традыцыямі гасцей знаёміла загадчык музея А.В. Козел. Удзельнікаў уразіла майстэрства мастачак з народа, якія, займаючыся цяжкай працай па вядзенні гаспадаркі, стваралі вырабы найтонкай працы.

Замацаваннем новых ведаў сталі хэндмэйд-пасядзелкі «Папяровыя карункі» з удзелам члена Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь А. В. Ходзікавай. Пад кіраўніцтвам дасведчанага майстра ўдзельнікі на практыцы далучыліся да мастацтва працы з паперай. Выдатным завяршэннем гэтага блока стала выстава работ «Далікатныя карункі», створаных пад уражаннем ад убачанага.

Праект рэалізуецца пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2022 г. З апісаннем праекта і рэалізаванымі мерапрыемствамі больш падрабязна можна азнаёміцца тут.

599