«Маладняку» – 100

У 2023 годзе спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння першай літаратурнай арганізацыі на Беларусі – Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк».

Днём нараджэння «Маладняка» лічыцца 28 лістапада 1923 года. Стваральнікамі арганізацыі былі Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Адам Бабарэка, Міхась Чарот. Менавіта апошні, як найбольш аўтарытэтны літаратар таго часу, узначаліў аб’яднанне.

Маладая арганізацыя пачала хутка расці. У многіх гарадах Беларусі і нават за яе межамі ўзнікалі філіі «Маладняка». Такія філіі існавалі ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах, Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, а таксама ў Маскве, Ленінградзе, Празе, Рызе. Друкаваным органам аб’яднання быў часопіс «Маладняк», які выходзіў у Мінску, але многія філіі выдавалі свае часопісы альбо альманахі.

Сябрамі аб’яднання ў свой час былі Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка, Валерый Маракоў, Міхась Зарэцкі, Зінаіда Бандарына, Янка Журба, Міхась Лынькоў, Паўлюк Трус, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Алесь Якімовіч і многія іншыя.

Да 100-годдзя «Маладняка» Музей беларускага кнігадрукавання распачынае адмысловы праект: на працягу года на сайце музея будуць змяшчацца матэрыялы пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, якія ў свой час былі сябрамі аб’яднання, прымеркаваныя да іх дзён нараджэння.

Фота з фондаў БДАМЛіМ.

Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. Сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча.