Крапіва Кандрат

5 сакавіка 1896 г. нарадзіўся Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) – беларускі драматург, паэт, празаік, вучоны, грамадскі дзеяч, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Таленавіты і настойлівы хлопец з’явіўся на свет у сялянскай сям’і ў вёсцы Нізок Ігуменскага павета (цяпер Уздзенскі раён) Мінскай губерні. Вучыўся ў царкоўна-прыхадской школе, за год скончыў Уздзенскае народнае вучылішча, паступіў у чатырохкласнае гарадское вучылішча ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў Койданава, дзе былі лепшыя ўмовы для вучобы.

У 1913 г. вучоба была паспяхова скончана, але гарадское вучылішча ніякай спецыяльнасці не давала. І тады Кандрат, пазычыўшы ў суседа 3 рублі, накіраваўся ў Мінск і экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка. Аднак вакансіі давялося чакаць да наступнага года. Восенню 1914 г. атрымаў месца настаўніка ў Мінскім павеце, але ў жніўні 1915 г. быў прызваны ў армію і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў; там паказаў такія поспехі ў вучобе, што атрымаў пасаду ваеннага інструктара. У 1916 г. усё ж такі трапіў на фронт, даслужыўся да капітана.

Пасля рэвалюцыі быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў родную вёску, працаваў настаўнікам, ажаніўся. У 1920—1923 гг. — камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 г. зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне. У 1925 г. пераехаў ў Мінск, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры.

Яшчэ ў 1924 г. стаў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк», з якога выйшаў у маі 1926 г. (падчас першага расколу арганізацыі), перайшоў ва «Узвышша».

Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ (1930), быў загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932—1936).

Удзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне 1939—1940 гг. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», у 1943—1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну».

У пасляваенныя гады — рэдактар часопіса «Вожык» (1945—1947), загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР (1947—1952), дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952—1956). У 1956 — студзені 1982 гг. — віцэ-прэзідэнт АН БССР. У 1982—1989 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

Акадэмік АН БССР (1950), доктар філалагічных навук (1953). Народны пісьменнік БССР (1956). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Памёр 7 студзеня 1991 г.

Фрагмент выставы «Нам расці — дык мала дня!» (да 100-годдзя літаб’яднання «Маладняк» і Міжнароднага дня роднай мовы). Музей беларускага кнігадрукавання, г. Полацк, 2023

Свой творчы шлях Кандрат Крапіва пачаў як паэт-сатырык. У 1922 г. у газеце «Савецкая Беларусь» быў надрукаваны яго першы сатырычны верш на беларускай мове «Сваты». А ў 1925 г. з’явіліся першыя зборнікі — «Апавяданні» і «Асцё», выдадзеныя ў серыі «Кніжніца Маладняк».

Потым былі «Крапіва» (1925), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Ухабы на дарозе» (1930), «Хвядос — чырвоны нос» (1931), «Калючы строй» (1932), «Смех і гнеў» (1946), «Жаба ў каляіне» (1957), «Сорак баек» (1966), «Пучок жыгучкі» (1973) і многія іншыя.

У 1932 г. асобным выданнем выйшаў яго раман «Мядзведзічы».

Выданне з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Значнай з’явай ў беларускай літаратуры з’яўляюцца п’есы К. Крапівы. Першым драматычным творам пісьменніка была псіхалагічная драма «Канец дружбы» (1934); вядомыя яго творы «Партызаны» (1937), «Хто смяецца апошнім» (1939), «Проба агнём» (1943), «Валодзеў гальштук» (1945), «Мілы чалавек» (1945), «З народам» (1948), «Пяюць жаваранкі» (1950), «Зацікаўленая асоба» (1953), «Людзі і д’яблы» (1958), «Брама неўміручасці» (1973), «На вастрыі» (1982). Паводле п’ес «Хто смяецца апошнім» і «Пяюць жаваранкі» былі знятыя аднайменныя кінафільмы.

Акрамя таго, К. Крапіва з’яўляецца аўтарам літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адным з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковым рэдактарам «Беларуска-рускага слоўніка» (1963), «Русско-белорусского словаря» (1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш.