Чарот Міхась

Міхась Чарот

7 лістапада 1896 г. нарадзіўся Міхась Чарот — беларускі пісьменнік, адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Міхал Сымонавіч Кудзелька (такое сапраўднае імя М. Чарота) з’явіўся на свет у вёсцы Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці). Прозвішча дасталося ад дзеда, які служыў пры панскім двары і займаўся ткацтвам. Бацькі былі малазямельнымі сялянамі.

Будучы пісьменнік вучыўся спачатку ў наёмнага «дарэктара», у Цітвянскім двухгадовым пачатковым вучылішчы. Потым была вучоба ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у 1917 г. і быў мабілізаваны ў армію. Вясною 1918 г. вярнуўся ў Беларусь, настаўнічаў, паступіў у педагагічны інстытут , актыўна ўдзельнічаў у нацыянальна-культурным жыцці: спяваў у хоры пры «Беларускай хатцы», быў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». З 1920 г. — супрацоўнік, а ў 1925—1929 гг. — рэдактар газеты «Савецкая Беларусь».

У 1920-я гг. Міхась Чарот з’яўляўся адным з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурнага руху Беларусі. У 1923 г. горача падтрымаў ініцыятыву маладых паэтаў па стварэнні літаратурнай арганізацыі «Маладняк». Менавіта ён, як найбольш вопытны і вядомы на той час паэт, узначаліў аб’яднанне. Дзякуючы намаганням Чарота і яго паплечнікаў былі створаны спрыяльныя ўмовы для росквіту маладых талентаў і развіцця беларускай літаратуры.

Выйшаў з «Маладняка» ў канцы 1927 г. (другі раскол), некаторы час быў членам аб’яднання «Полымя», потым уступіў у БелАПП. Быў членам ЦВК БССР (1924—1931).

У 1930-я гг. працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

У студзені 1937 г. быў арыштаваны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі беларускіх нацдэмаў» і асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г. Рэабілітаваны ў 1956 г.

«Сачыняць» Міхась пачаў яшчэ не ўмеючы чытаць (дапаўняў народныя песні), пісаць — у 13 год, друкавацца — з 1919 г.

Аўтар кніг паэзіі «Завіруха» (1922), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, усе ў 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982), «У сонечным паходзе» (вершы, паэмы, 1986).

Выдаў зборнікі апавяданняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданні» (1926).

Былі падрыхтаваны яго «Творы» ў 3-х тамах (1932—1936) і «Збор твораў» у 2-х тамах (1958).

Пісаў таксама п’есы: «Мікітаў лапаць» (1923), «Дажынкі», «Сон на балоце» (1924), «Пастушкі. Данілка і Алеська» (1925).

Стварыў музычную драму «На Купалле» (1921), для якой напісаў вядомую ўсім песню «Купалінка».

Паводле аповесці М. Чарота «Свінапас» быў зняты Ю. Тарычам першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» (1926).