Хурсік Сымон

13 лютага 1902 г. нарадзіўся Сымон Хурсік — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Радзімай С. Хурсіка з’яўляецца вёска Снуцік Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, аднак лёс звязаў яго і з Полаччынай. Пасля заканчэння Белпедтэхнікума ў Мінску (1925) ён настаўнічаў у мястэчку Валынцы, актыўна ўдзельнічаў у працы Полацкай філіі «Маладняка». Пазней працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына».

У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. Працаваў настаўнікам у школах Марыйскай і Чувашскай АССР, Казахскай ССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце, быў двойчы кантужаны. Пасля вайны вярнуўся да настаўніцкай працы. З 1964 г. жыў у Карагандзе. Памёр 31 сакавіка 1972 г.

Упершыню выступіў у друку з апавяданнем у 1924 г. (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Першы паўстанак» (1925) і «Шляхамі навальніц» (1930), аповесці «Чорны мост», апублікаванай у часопісе «Маладняк» у 1929—1930 гг. Пісаў таксама вершы, якія друкаваў у «Чырвонай Полаччыне».

Яго апавяданне «Янка з Падлесся» было ўключана ў «Анталогію беларускага апавядання» ў 2-х тамах (Т.1, 1967)

Выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка