Броўка Пятрусь

Пятрусь і Алена Броўкі. 1934

25 чэрвеня 1905 г. нарадзіўся Пятрусь Броўка — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Радзімай П. Броўкі з’яўляецца вёска Пуцілкавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Нарадзіўся ён у беднай сялянскай сям’і, у якой было дзевяць дзяцей. Зямлі было мала. Бацька, Усцін Адамавіч, зарабляў тым, што майстраваў куфры, шафы. Маці, Алена Сцяпанаўна, была цалкам занятая клопатам па гаспадарцы. Дзеці таксама з малых гадоў браліся за працу. Пятрусь пасвіў гусей, пасля авечак, кароў, вадзіў коней на начлег. Скончыў царкоўна-прыходскую школу і вышэйшае пачатковае вучылішча ў Лепелі. А ў 1918 г., калі яму было трынаццаць, ужо працаваў у Вялікадолецкім валасным камісарыяце перапісчыкам, затым — справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасах Вялікія і Малыя Дольцы. У 18 гадоў будучы паэт становіцца сакратаром камсамольскай ячэйкі, а праз год — старшынёй Маладолецкага сельсавета.

У 1925 г. ён быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт камсамола. У 1927—1928 гг. працаваў адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына», наведваў вячэрнюю школу для дарослых. З’яўляўся сябрам полацкай філіі «Маладняка».

У 1928 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (скончыў у 1931 г.). Падчас вучобы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аленай Рыдзеўскай, у 1936 г. у іх нарадзіўся сын Юрка.

У 1940 г. быў прызначаны рэдактарам часопіса «Полымя». У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». З 1943 г. — адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 г. — зноў галоўны рэдактар «Полымя». У 1948 г. абраны старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

З 1967 да 1980 г. — галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР. У 1959 г. як дэлегат ад БССР прымаў удзел у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН.

Народны паэт БССР (1962). Акадэмік АН БССР (1966). Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975). Ганаровы грамадзянін Мінска (1980). Лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, а таксама Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1976). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і многімі медалямі.

Памёр 24 сакавіка 1980 г.

Пятрусь Броўка вядомы не толькі як таленавіты паэт, але і празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык. Друкавацца ён пачаў у 1926 г. у газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне». Публікаваў свае творы таксама ў газетах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда», у часопісах «Маладняк», «Полымя» і інш.

Выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Аўтар каля 30 кніжак паэзіі: «Гады як шторм» (1930), «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Паэзія» (1932), «Так пачыналася маладосць» (1934), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Вершы і паэмы» (1940, 1946, 1966), «Шляхамі баравымі» (1940), «Насустрач сонцу» (1943), «У роднай хаце» (1946), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Па сакрэту» (сатыра і гумар, 1961), «А дні ідуць…» (1961), «Высокія хвалі» (1962), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «Ты – мая пчолка» (1972), «І ўдзень і ўночы» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979), «Маладосць і сталасць» (1980), «Савецкі чалавек» (1982), «Мая Радзіма» (1985), «Крыніца з-пад Вушачы» (2003).

Напісаў некалькі паэм: «Кацярына» (1938), «Дума аб бессмяротнасці» (1970), «Лясы наддзвінскія» (1973) і інш., сярод якіх сілай лірычнага перажывання асабліва вылучаецца твор «Голас сэрца» (1960), прысвечаны маці паэта, якая загінула ў Асвенціме.

Неаднаразова выдаваліся кніжкі «Выбраных твораў» (1934, 1945, 1947, 1948, 1951), выходзілі «Зборы твораў» у 2-х (1957, 1969), у 4-х (1965—1966), у 7-мі (1975—1978), у 9-ці тамах (1987—1992).

Пісаў апавяданні, нарысы, выдаў аповесць «Каландры» (1931), раман «Калі зліваюцца рэкі» (1957).

Для дзяцей выйшлі кніжкі «Маладым сябрам» (1961), «Наш музей» (1962), аповесць «Донька-Даніэль» (1982).

Перакладаў на беларускую мову творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, У. Бранеўскага, Дж. Байрана і іншых паэтаў. Яго творы таксама перакладаліся на розныя мовы былога СССР і не толькі.