Галавач Платон

18 красавіка нарадзіўся Платон Галавач — беларускі пісьменнік і дзяржаўны дзеяч, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Радзімай яго з’яўляецца вёска Пабокавічы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Бацькі былі малазямельныя і непісьменныя сяляне. Платону не было і двух гадоў, калі памерла маці. Хлопец з маленства дапамагаў бацьку па гаспадарцы, з 7 гадоў наймаўся за пастуха.

П. Галавач горача ўспрыняў тыя падзеі, якія адбываліся ў грамадскім жыцці. У 1920 г. уступіў у камсамол, узначаліў камсамольскую ячэйку ў роднай вёсцы. У 1922 г. павятовы камітэт накіраваў яго вучобу ў Мінскую партыйную школу, пасля якой ён працаваў інструктарам. А ў 1923 г. стаў членам КП(б)Б.

У 1926 г. скончыў скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі ў Мінску і стаў працаваць загадчыкам аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1928 г. — першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газеты «Чырвоная змена».

Адзін з кіраўнікоў літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП.

З лістапада 1929 да сакавіка 1930 г. — намеснік наркома асветы БССР. У розны час рэдагаваў часопісы «Маладняк», «Полымя». Абіраўся членам ЦК КПБ і ЦВК БССР.

У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Спрабаваць свае сілы ў літаратуры Платон Галавач пачаў у 1920 г. З нататкамі на камсамольскія тэмы выступаў у бабруйскай газеце «Юны камуніст», рэдактарам якой была Вера Харужая. Першае апавяданне («Загубленае жыццё») было апублікавана ў газеце «Савецкая Беларусь» у 1925 г. У 1927 г. выйшла першая кніга яго апавяданняў «Дробязі жыцця». Потым былі зборнікі «Хочацца жыць» (1930) і «Апавяданні» (1934); аповесці «Вінаваты» (1930), «Спалох на загонах» (1930; перавыд. у 1996), «Даляры» (1931), «Носьбіты нянавісці» (1936, час. «Полымя рэвалюцыі»), «Яны не пройдуць» (1937, час. «Полымя рэвалюцыі»); нарыс «Ад Мядзвежай гары да Белага мора» (1934); раман «Праз гады» (1935; перавыд. у 1936, 1984, 1992). У 1958 г. выйшаў «Збор твораў» у трох тамах.