Бабарэка Адам

14 кастрычніка 1899 г. нарадзіўся Адам Бабарэка — беларускі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Адам Антонавіч Бабарэка з’явіўся на свет у вёсцы Слабада-Кучынка Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сям’і беззямельных сялян. Бацька, каб пракарміць сям’ю, браўся за любую працу — быў і шаўцом, і краўцом, меў свой млынок, а потым нават маленькую краму, але рана памёр ад сухотаў.

Адама, як сірату, прынялі ў Слуцкую бурсу. Потым ён вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі (скончыў у 1918 г.). З 1919 г. настаўнічаў на Случчыне. У 1920 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі за падпольную дзейнасць і пасаджаны ў астрог. Пасля вызвалення з’яўляўся членам валаснога рэўкома, загадваў аддзелам народнай асветы, арганізоўваў гурткі вясковай моладзі, наладжваў літаратурныя вечары, спектаклі, праводзіў харчразвёрстку, вёў агітацыю за стварэнне сельскагаспадарчых камун. У 1921—1922 г. служыў у Чырвонай Арміі.

У 1927 г. скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. Адначасова з вучобай працаваў настаўнікам у мінскіх школах і ў рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь».

Адзін з арганізатараў першага Усебеларускага літаб’яднання «Маладняк» (1923).

Пасля ўтварэння «Узвышша» (1926) – сакратар аб’яднання.

У 1926—1929 гг. працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 г. быў таксама асістэнтам кафедры беларускай літаратуры БДУ.

У 1930 г. рэпрэсіраваны. Год знаходзіўся у Мінскай турме, быў асуджаны на 5 гадоў высылкі, працаваў бухгалтарам у Вятцы. У 1937 г. зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Памёр 10 кастрычніка 1938 г. у лагернай бальніцы.

Рэабілітаваны ў 1957 г.

Першыя публікацыі Адама Бабарэкі з’явіліся ў 1920 г. на старонках «Савецкай Беларусі», друкаваўся таксама ў «Маладняку», «Узвышшы», «Чырвоным сейбіце» і іншых выданнях. Пачынаў з апавяданняў і вершаў, але найбольш ярка праявіў сябе ў крытыцы. Даследаваў творчасць Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Чарота, Якуба Коласа. Распрацоўваў метадалагічныя пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі. Уладзімір Конан назваў Бабарэку першым беларускім пісьменнікам, для якога крытыка была асноўнай формай творчасці.

У 1925 г. выйшла адзіная яго кніга «Апавяданні».