Мікуліч Барыс

19 жніўня 1912 г. нарадзіўся Барыс Мікуліч — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Нарадзіўся Барыс Міхайлавіч Мікуліч у горадзе Бабруйску, у сям’і медыкаў (бацька, Міхаіл Вікенцьевіч, быў фельдчарам; маці, Марыя Антонаўна — акушэркай). У доме была неблагая бібліятэка, і будучы пісьменнік з малых год далучыўся да сусветнай класікі. Сам пачаў пісаць яшчэ ў 2-м класе, нават дасылаў свае вершы ў Бабруйскую акруговую газету, але іх не друкавалі.

Пасля смерці маці, якой не стала ў 1927 г. (бацька памёр яшчэ ў 1919-м), хлопец вымушаны быў сам зарабляць на хлеб, працаваў у бібліятэцы. Тады ж пачаў пісаць апавяданні, адно з якіх («На дарогах») было надрукавана ў часопісе «Маладняк». У 1928 г. ён стаў членам бабруйскай філіі «Маладняка», прымаў актыўны ўдзел у яе рабоце, шмат вандраваў па Бабруйшчыне.

У 1929 г. Б. Мікуліч скончыў сярэднюю школу і стаў працаваць у рэдакцыі бабруйскай газеты «Камуніст». А ў 1930 г. пераехаў у Мінск. Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Вучыўся на літаратурных курсах у Маскве (1934—1935). Быў запрошаны чытаць курс тэорыі літаратурных жанраў у Камуністычны інстытут журналістыкі (1936). Сяброўскія адносіны звязвалі Мікуліча з Э. Самуйлёнкам, З. Бядулем, часта бываў у доме Я. Купалы.

У 1936 г. ён быў рэпрэсіраваны і асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. У 1943 г. пераведзены ў катэгорыю ссыльных. У чэрвені 1947 г. вярнуўся ў Беларусь, у лістападзе таго ж года была знята судзімасць. Але ў 1949 г. арыштаваны паўторна і высланы ў Сібір. Апошнія гады Барыса Мікуліча прайшлі ў сяле Машукоўка Тасееўскага раёна Краснаярскага краю. Ажаніўся там з настаўніцай Марыяй Смеляковай. Памёр 17 чэрвеня 1954 г., не дажыўшы трох месяцаў да рэабілітацыі.

Аўтар зборнікаў апавяданняў «Удар» (1931), «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесцей «Наша сонца» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936), «Адвечнае» (апублік. у 1972 г. у часопісе «Полымя»).

У 1959 г. было выдадзена «Выбранае», куды ўвайшлі і творы, якія раней не ўключаліся ў папярэднія кнігі, — аповесці «Цяжкая гадзіна», «Развітанне», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», навела «Гадзюка ў кароне», апавяданне «Зорка».

Пазней выходзілі «Аповесці» (1985), «Палеская аповесць» (1991), «Аповесць для сябе» (1993).

У 1997 г. у серыі «Школьная бібліятэка выйшла кніга, у якой былі аб’яднаны аповесці П. Галавача («Спалох на загонах») і Б. Мікуліча («Адвечнае», «Развітанне»).

Выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка