Таўбін Юлі

15 верасня 1911 г. нарадзіўся Юлі Таўбін — беларускі паэт, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Юлі (Юдаль Абрамавіч) Таўбін нарадзіўся ў горадзе Астрагожску Варонежскай вобласці (Расія) у сям’і аптэкара. У 1921 г. пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, дзе спачатку скончыў сямігодку, а потым Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. У 1931—1933 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педінтытута.

У лютым 1933 г. быў арыштаваны і прыгавораны да двух гадоў высылкі ў Цюмень. У 1936 г. арыштаваны другі раз (пасля вяртання ў Мінск) і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 30 кастрычніка 1937 г. Рэабілітаваны па першай справе ў 1956 г., па другой — у 1957 г.

Першыя вершы Ю. Таўбіна былі надрукаваны ў 1926 г. на старонках часопіса «Маладняк Калініншчыны» (Клімавічы). Друкаваўся таксама ў такіх выданнях, як «Чырвоная змена», «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Аршанскі маладняк», «Беларускі піянер», «Полымя» і інш.

У 1930 г. выйшаў яго першы зборнік «Агні». Паспеў таксама выдаць кнігі «Каб жыць, спяваць і не старэць…» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932), «Таўрыда» (паэма, 1932).

Юлі Таўбін прыйшоў у літаратуру са сваім паэтычным бачаннем свету, што не магла ацаніць тагачасная крытыка (асабліва Алесь Кучар), да яго ставіліся насцярожана, папракалі за «ідэалістычнае эстэцтва».

У час знаходжання ў Сібіры настойліва вывучаў англійскую мову, шмат перакладаў з яе.

Пазней былі падрыхтаваны зборнікі «Выбраныя вершы» (1957), «Вершы» (серыя «Бібліятэка беларускай паэзіі», 1969).

Выданне з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Аркадзь Куляшоў у 1965 г. стварыў цыкл вершаў «Маналог», прысвечаны, Юлі Таўбіну, а таксама Змітраку Астапенку — сваім сябрам па Мсціслаўскім педтэхнікуме.

Вяло нас музы строгай блаславенне

На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым...

Я — ваша памяць, вы — маё сумленне,

Я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на ім.

Нядоўгім быў ваш век, як век падзёнак,

Мае сябры!.. Суровы сівер змёў

Са старту вас. Вы — кнігі без старонак,

Лісты без дрэў, дарогі без слядоў.

Мне нечым перад вамі ганарыцца,

Сябры!.. Адны ў нас пушчы і палі,

Засмаглымі радкамі з іх крыніц мы

Адзін і той жа халадок пілі.

Злучыліся: з дарогамі дарога,

З лістамі дрэва, са слязою пыл,

I ў сэрцы тым, дзе ўсёй зямлі трывога,

У тры разы прыбавілася сіл.