Віртуальная выстава «... которые естесьмо розни в вере, покой межы собою заховати…» (да 450-годдзя акта аб верацярпімасці)

Выстава прысвечана 450-годдзю прыняцця на канвакацыйным сойме Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства Акта аб верацярпімасці, які зацвярджаў роўныя правы грамадзян усіх хрысціянскіх веравызнанняў. У 1588 г. дадзены акт быў уключаны ў тэкст Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага. Рэлігійная верацярпімасць і канкурэнцыя паміж рознымі канфесіямі садзейнічалі развіццю кнігавыдавецкай дзейнасці на нашых землях.

У фондах НПГКМЗ сабрана даволі прадстаўнічая калекцыя выданняў з друкарняў, арганізаваных прадстаўнікамі розных веравызнанняў Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя кнігі выкарыстоўваюцца пераважна ў асноўнай экспазіцыі. Для ўзнаўлення гісторыі міжканфесійных адносін важную ролю адыгрываюць таксама іншыя дакументы, што дазваляюць вызначыць ролю і значэнне поліканфесійнага кнігадрукавання эпохі ранняга Новага часу.

З дапамогай віртуальнай выставы можна пазнаёміцца з найбольш цікавымі дакументамі з фондаў НПГКМЗ, якія прадстаўляюць важныя старонкі нашага гістарычнага мінулага, што звязаны з дзейнасцю друкарняў розных канфесій ва ўмовах верацярпімасці ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Гістарычная даведка

Традыцыі рэлігійнай верацярпімасці на землях сучаснай Беларусі маюць старажытныя карані. Яны абумоўлены працяглым досведам суіснавання праваслаўнай і каталіцкай супольнасцяў. Функцыянаванне кожнай з гэтых супольнасцяў было забяспечана адпаведнымі правамі і прывілеямі. У палітычным плане заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага XV – першай паловы XVІ стст. надавала пэўныя перавагі асобам каталіцкага веравызнання ў займанні вышэйшых дзяржаўных пасад, аднак яно не заўсёды выконвалася. Гістарычныя крыніцы гэтага перыяду не фіксуюць істотных канфліктаў на рэлігійнай глебе.

У сярэдзіне XVІ ст. землі ВКЛ ахапіў рэфармацыйны рух, які закрануў перадусім элітарныя слаі грамадства. Да Рэфармацыі далучыліся буйнейшыя магнаты, сярод якіх вылучаліся віленскі ваявода, канцлер і маршалак земскі Мікалай Радзівіл Чорны і яго стрыечны брат, троцкі ваявода і вялікі гетман, пазней таксама віленскі ваявода і канцлер Мікалай Радзівіл Руды. Працяглая традыцыя верацярпімасці, што склалася ў ВКЛ, уплыў магнатэрыі і кампрамісная пазіцыя вялікага князя абумовілі фактычна бесперашкоднае распаўсюджанне рэфармацыйных веравызнанняў: евангеліцка-рэфармацкага (кальвінісцкага), евангеліцка-аўгсбургскага (лютэранскага), Літоўскіх братоў (антытрынітарыяў). У гэтых умовах 7 чэрвеня 1563 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст на Віленскім сойме выдаў прывілей, які ў далейшым увайшоў у якасці прэамбулы ў тэкст Другога Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. Паводле яго, абвяшчалася поўнае ўраўнаванне ў палітычных правах шляхты каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў, уключаючы права на займанне ўсіх вышэйшых дзяржаўных пасад.

Далейшае юрыдычнае замацаванне прынцыпу верацярпімасці звязана з першай элекцыяй (выбарамі) супольнага караля польскага і вялікага князя літоўскага ў 1573 г. З мэтай устанаўлення парадку правядзення элекцыі, вызначэння кандыдатаў на пасаду манарха прадстаўнікі шляхты Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага сабраліся на канвакацыйны сойм у Варшаве, які праводзіў сваю працу з 6 па 28 студзеня 1573 г. Асаблівасцю канвакацыйнага сойму было права яго ўдзельнікаў абвяшчаць сябе канфедэрацыяй, што азначала магчымасць прыняцця рашэнняў большасцю галасоў, а не адзінадушнай згодай, як на звычайных соймах. Найбольш верагоднымі кандыдатамі на трон былі замежныя прынцы, адзін з якіх, француз Генрых Валуа, быў пазней, на элекцыйным сойме 5 красавіка 1573 г., абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Паколькі ў гэты час заходнееўрапейскія дзяржавы захліснулі рэлігійныя войны і звязаныя з імі брутальныя акты насілля, сімвалам чаго стала сумна вядомая Варфаламееўская ноч у Парыжы 1572 г., да якой меў дачыненне, між іншым, Генрых Валуа, палітычныя эліты ВКЛ і Польшчы вырашылі выпрацаваць прававыя гарантыі захавання існуючай практыкі рэлігійнай верацярпімасці перад магчымымі захадамі будучага манарха. У выніку 28 студзеня 1573 г. на канвакацыйным сойме быў ухвалены закон, які ў далейшым атрымаў назву Акта Варшаўскай канфедэрацыі. Сярод прадстаўнікоў ВКЛ акт падпісалі троцкі кашталян, падканцлер Астафей Валовіч, віцебскі кашталян Павел Пац, брэсцкі пісар земскі Адам Пацей (будучы ўніяцкі мітрапаліт Іпацій Пацей).

Паводле акта, абвяшчаўся грамадскі мір паміж dissidentes de religione (прадстаўнікамі розных веравызнанняў). Забараняліся праліццё крыві, пазбаўленне волі, адабранне маёмасці, страта годнасці і выгнанне па рэлігійных прычынах. Гвалт, учынены на рэлігійнай глебе, крыміналізаваўся. У той жа час у тэксце акта Варшаўскай канфедэрацыі пацвярджаўся прынцып судова-адміністрацыйнай улады шляхты над падданымі ў сваіх уладаннях, як у свецкай, так і ў духоўнай сферы. Абстрактнасць і супярэчлівасць некаторых фармулёвак акта спарадзіла ў далейшым навуковую дыскусію адносна таго, распаўсюджвалася яго дзеянне на ўсе катэгорыі насельніцтва або толькі на шляхту.

Прынцып рэлігійнай верацярпімасці, абвешчаны актам Варшаўскай канфедэрацыі, быў уключаны ў Генрыкавы артыкулы – дакумент канстытуцыйнага характару, што істотна абмяжоўваў манархічную ўладу, падпісанне якога было абавязковай умовай каранацыі ўсіх абраных каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх да канца XVІІІ ст. У той жа час частка каталіцкага духавенства і шляхты выказвала пратэсты супраць гэтага акта і ставіла пад сумненне яго легітымнасць. У канцы XVІ – пачатку XVІІ стст. паслы ад шляхты на вальных соймах неаднаразова выпрацоўвалі праекты дадатковых гарантый правамоцнасці акта аб верацярпімасці, што прадугледжвалі крымінальную адказнасць за яго парушэнне. Аднак іх прыняццю перашкаджала супраціўленне з боку вышэйшага каталіцкага духавенства, прадстаўленага ў сенаце.

У Вялікім Княстве Літоўскім, у адрозненне ад Польскага Каралеўства, акт аб верацярпімасці набыў статус цалкам легітымнага прававога акту, калі быў уключаны ў тэкст Трэцяга Статута ВКЛ 1588 г. у якасці артыкула 3 раздзела 3 “О захованью в покою всих подданых наших обывателей того паньства з стороны розного розуменья и уживанья набоженьства хрестияньского”. Дзякуючы гэтаму на тэрыторыі ВКЛ рэлігійная верацярпімасць больш трывала ўкаранілася ў практыцы грамадскага жыцця ў параўнанні з землямі Польскага Каралеўства.


Мірнае суіснаванне розных канфесій, гарантаванае законам, акрамя ўсяго іншага, прывяло да таго, што прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў, імкнучыся захаваць сваіх вернікаў і па магчымасці прыцягнуць новых, рабілі значныя намаганні для таго, каб абгрунтаваць свае прэтэнзіі на ісціну. З гэтай мэтай яны адчынялі школы, шпіталі, прытулкі, а таксама карысталіся нядаўна вынайдзенымі магчымасцямі распаўсюджваць свае ідэі з дапамогай друкаванага слова. На працягу другой паловы XVI – першай паловы XVII стст. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага дзейнічалі 27 друкарняў. У рэпертуары іх выданняў значную частку складалі тэалагічныя і палемічныя творы ў кантэксце прапаганды ўсіх тагачасных хрысціянскіх канфесій. Доля толькі палемічных выданняў складае прыблізна 12% (каля 200 адзінак) ад усёй друкаванай прадукцыі ВКЛ другой паловы XVI – першай паловы XVII стст. Некаторыя друкарні спецыяльна ствараліся пад патранатам рэлігійных устаноў. Сярод іх вылучаецца друкарня Віленскай езуіцкай акадэміі, доля прадукцыі якой складае, паводле падлікаў розных даследчыкаў, больш за 70% у агульнай вытворчасці друкаваных кніг ВКЛ XVІ–XVIІ стст. Канфесійны характар мелі таксама друкарні, заснаваныя праваслаўнымі брацтвамі ў Вільні, Эўі, Куцейне, Магілёве, друкарня ўніяцкага ордэна базыльян пры Віленскім Свята-Троіцкім манастыры, друкарня Віленскага кальвінісцкага збора. Прадукцыя прыватных друкарняў таксама ўтрымлівае вялікую колькасць выданняў рэлігійна-прапагандысцкага характару, абумоўленых канфесійнай прыналежнасцю ўладальніка. Так, напрыклад, друкарні ў Нясвіжы, Лоску, Любчы працавалі пераважна дзеля абслугоўвання духоўных патрэбаў рэфармацыйных веравызнанняў. У другой палове XVII – XVIIІ стст. агульная колькасць друкарняў на тэрыторыі ВКЛ скарацілася да 15 у выніку неспрыяльных умоваў для выдавецкай дзейнасці з-за частых войнаў. Разам з тым і ў пазначаны перыяд кнігадрукаванне працягвала абслугоўваць патрэбы ўсіх асноўных канфесійных супольнасцяў на нашых землях. Такім чынам, сітуацыя верацярпімасці ва ўмовах поліканфесійнасці, якая склалася на землях Вялікага Княства Літоўскага, у цэлым садзейнічала рознабаковаму развіццю айчыннай духоўнай культуры ранняга Новага часу.

Астафей Валовіч

Адным з падпісантаў акта Варшаўскай канфедэрацыі з’яўляецца Астафей Валовіч (каля 1520 – 1587) – прадстаўнік вядомага магнацкага роду Валовічаў, ураджэнец Гарадзеншчыны, які паводле веравызнання з’яўляўся кальвіністам. Астафей Валовіч займаў шматлікія высокія дзяржаўныя пасады Вялікага Княства Літоўскага: пісар вялікі (1551–1566), маршалак дворны (1561–1569), падскарбі земскі (1561–1566), падканцлер (1566–1579), кашталян троцкі (1569–1579), канцлер (1579–1589), кашталян віленскі (1579–1589). Ён прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і выданні Другога і Трэцяга Статутаў ВКЛ, быў адным з распрацоўшчыкаў аграрнай рэформы 1557 г., вядомай як валочная памера. Астафей Валовіч зрабіў значны ўнёсак у развіццё кнігавыдавецкай дзейнасці. Ён ахвяраваў значныя грашовыя сродкі на ўтрыманне шэрагу друкарняў (Нясвіжскай, Брэсцкай і г.д.). Гэты факт з удзячнасцю быў падкрэслены пратэстанцкім тэолагам і выдаўцом Сымонам Будным, які прысвяціў А. Валовічу прадмову да сваёй працы «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (Нясвіж, 1562). На службе пры двары А. Валовіча ў 1565–1567 гг. знаходзіўся яшчэ адзін вядомы дзеяч айчыннай кніжнай культуры Васіль Цяпінскі, жанаты на яго пляменніцы Зоф’і Жыжамскай. Пэўны час міністрам збора ў маёнтку Сідра, што належаў А. Валовічу, з’яўляўся Якуб з Калінаўкі, вядомы як прадстаўнік радыкальнай плыні антытрынітарызму. А. Валовічу былі прысвечаны прадмовы розных аўтараў да шматлікіх друкаваных выданняў, у тым ліку да чацвёртай кнігі вядомай «Хронікі Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага. У сваіх уладаннях А. Валовіч актыўна садзейнічаў адкрыццю школ і шпіталяў, фундаваў заснаванне першай на землях сучаснай Беларусі аптэкі ў Брэсце, фінансаваў дзейнасць нешматлікіх яшчэ на той час урачоў. У сваім тастаменце ён загадаў адмяніць нявольніцтва і прыгонніцтва ў сваіх маёнтках, а таксама скасаваць для падданых прыватны суд і перавесці іх пад юрысдыкцыю дзяржаўных судоў.

Брэсцкая Біблія. 1563

Першая друкарня на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явілася ў Брэсце ў 1553 г. Яе арганізацыя стала магчымай дзякуючы дзейнасці віленскага ваяводы, канцлера, маршалка земскага і брэсцкага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага. За час працы друкарні (1553–1570) было выдадзена каля 35 кніг. Галоўнымі майстрамі ў ёй у розныя часы з’яўляліся Бярнгард Ваяводка, Станіслаў Мурмеліус, Цыпрыян Базылік. Друкарня карысталася толькі лацінскімі шрыфтамі і выдавала кнігі пераважна на польскай мове. У асноўным гэта былі рэлігійныя пратэстанцкія выданні. Найбольш вядомым з іх з’яўляецца «Biblia święta, to jest księgi Starego i Nowego zakonu (...)» «Святая Біблія, г.зн. кнігі Старога і Новага запавету (...)» 1563 г. – поўны пераклад Бібліі на польскую мову, самае буйное па аб’ёме выданне XVI–XVIІІ стст. у ВКЛ. Пераклад са старажытнаўярэйскай, грэчаскай і лацінскай моў быў ажыццёўлены калектывам тэолагаў і філолагаў, у склад якога ўваходзілі Ян Ласкі, якога лічаць ініцыятарам выдання, Францішак Станкар, Пётр Статорыус, Францішак Лізманін, Андрэй Тшэцецкі, Гжэгаж Павел, Бярнард Охін і іншыя. Унікальнае выданне-фаліянт падрыхтавана на 718 аркушах з высокаякаснымі гравюрамі-ілюстрацыямі. Аднак пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага (1565) яго сын Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, які перайшоў у каталіцкую веру, загадаў перанесці абсталяванне друкарні ў Вільню, што адбылося пасля 1570 г.

Нясвіжскі Катэхізіс. 1562

Друкарня ў Нясвіжы, як і ў Брэсце, была арганізавана дзякуючы дзейнасці Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1562 г. Яна належала нясвіжскаму аканому Мацею Кавячынскаму, якому актыўна дапамагалі пратэстанцкія прапаведнікі і тэолагі Лаўрэнцій Крышкоўскі і Сымон Будны. Друкарня была абсталявана не толькі лацінскімі, але і кірылічнымі шрыфтамі. Першым яе выданнем стаў падрыхтаваны Сымонам Будным у 1562 г. «Катихисис то ест наука стародавная христианъская от светого писма для простых людей языка русского, в пытаниях и отказех събрана». Гэта першая друкаваная кніга на старабеларускай мове. Перад тэкстам выдання змешчаны прысвячэнні прадстаўнікам роду Радзівілаў, а таксама прадмова, напісаная Сымонам Будным, дзе праводзіцца думка аб неабходнасці метадычнага вывучэння асноў пратэстанцкай веры. У 1563 г. тэкст «Катэхізіса» быў выдадзены на польскай мове. Усяго на працягу 1562–1571 гг. у Нясвіжы былі надрукаваны 13 выданняў – у асноўным пратэстанцкія тэалагічныя творы. Каля 1571 г. друкарню ў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі выкупіў магнат-антытрынітарый Ян Кішка, які перанёс яе ў Лоск, дзе працягнуў сваю кнігавыдавецкую дзейнасць Сымон Будны.

Евангелле Васіля Цяпінскага

Акрамя буйных друкарняў на землях ВКЛ дзейнічалі і невялікія, вядомыя толькі адзінкавымі выданнямі. Сярод іх вылучаецца друкарня, што існавала ў маёнтку шляхціца-антытрынітарыя Васіля Цяпінскага. Навукоўцам вядомае толькі адно яе выданне – «Евангелле» з паралельнымі царкоўнаславянскім і старабеларускім тэкстамі. У надрукаваным тэксце былі змешчаны Евангеллі паводле Мацвея і Марка і пачатак Евангелля паводле Лукі. Выданне не мае выходных звестак і ўмоўна датуецца 1570-мі гадамі. Захавалася таксама напісаная выдаўцом рукапісная прадмова, у якой сцвярджалася асаблівая важнасць рэлігійнай асветы на роднай мове. Да нашага часу сярод навукоўцаў існуе дыскусія аб дакладным месцы знаходжання друкарні. Традыцыйная версія аб знаходжанні друкарні ў маёнтку Цяпіна ў ваколіцах Чашнікаў была аспрэчана сучасным даследчыкам Ігарам Клімавым, які лакалізуе яе размяшчэнне ў маёнтку Латыголы Мінскага павета.

 

Евангелле вучыцельнае. 1595

Важнае месца ў гісторыі айчыннага кнігадрукавання належыць друкарні, арганізаванай купцамі Кузьмой і Лукашом Мамонічамі. Яна дзейнічала ў Вільні з 1574 да 1624 г. Менавіта ёй быў нададзены спецыяльны прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы на выданне Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага ў 1588 г. У друкарні Мамонічаў выдаваліся дзяржаўныя дакументы, тэалагічныя і палемічныя творы (усяго каля 80–100 адзінак). Паводле веравызнання браты Мамонічы былі праваслаўнымі; пасля Брэсцкай уніі 1596 г. яны перайшлі ва ўніяцтва. Сярод богаслужэбнай літаратуры, выдадзенай у друкарні Мамонічаў, варта адзначыць «Евангелле вучыцельнае» 1595 г. Гэты твор уключаў у сябе вытрымкі з казанняў «айцоў царквы», прысвечаныя евангельскім тэкстам, і закранаў многія маральна-рэлігійныя тэмы. Папулярнасць такога твора вынікае з яго шматлікіх перавыданняў. Упершыню ў ВКЛ «Евангелле вучыцельнае» было выдадзена ў 1569 г. Пятром Мсціслаўцам і Іванам Фёдаравым у Заблудаўскай друкарні, заснаванай віленскім кашталянам і вялікім гетманам Рыгорам Хадкевічам. Выданне 1595 г. было прысвечана мсціслаўскаму кашталяну Сямёну Войну, цесцю Лукаша Мамоніча. Між іншым, сям’я апошняга з’яўляецца прыкладам практыкі верацярпімасці: у той час як Сямён быў праваслаўным, яго браты Бенядыкт (будучы віленскі епіскап) і Гаўрыла – каталікамі. У канцы першай чвэрці XVII ст. сын Кузьмы Лявон Мамоніч перадаў друкарню віленскім базыльянам.

Лаўрэнцій Зізаній. Грамматика словенска. 1596

У канцы XVI ст. адбываецца фарміраванне праваслаўных брацтваў на тэрыторыі ВКЛ. Буйнейшым сярод іх было Віленскае брацтва, якое атрымала два прывілеі Жыгімонта Вазы 1589 і 1592 гг. на стварэнне друкарні. Апошняя пачала сваю дзейнасць у 1595 г. пры Віленскім манастыры Св. Духа. Гэта быў час падрыхтоўкі Брэсцкай царкоўнай уніі, якая выклікала супрацьдзеянне з боку праваслаўных брацтваў. Ва ўмовах рэлігійнай барацьбы брацкія дзеячы вялікую ўвагу надавалі адукацыйнай дзейнасці. У гэтых умовах быў выдадзены шэраг вучэбна-метадычных дапаможнікаў, сярод якіх вылучаецца падручнік – «Грамматика словенска сверъшенънаго искусства осми частий слова, и иных нуждных» (1596) выкладчыка Віленскай брацкай школы Лаўрэнція Зізанія. Гэтая праца была складзена ў форме пытанняў і адказаў на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах. Ва ўступе аўтар абгрунтоўваў ролю граматыкі ў якасці падмурку для вывучэння іншых навук. Віленская брацкая друкарня праіснавала з перапынкам да 1697 г. За стагоддзе свайго існавання яна выпусціла больш за 40 кірылічных выданняў і некалькі дзясяткаў польскамоўных кніг.

 

Мялецій Сматрыцкі. Грамматика словенска. 1619

Пачатак XVII ст. адзначаны жорсткай рэлігійнай барацьбой паміж уніятамі і праваслаўнымі, у якой вялікакняская ўлада займала бок першых. Ва ўмовах рэпрэсіўных дзеянняў з боку органаў дзяржаўнай улады Віленская брацкая друкарня ў 1610–1617 гг. перапыніла сваю дзейнасць. Дзеячы праваслаўнага брацтва, аднак, арганізавалі выдавецкую дзейнасць у мястэчку Эўе, што належала праваслаўнаму магнату, троцкаму падкаморыю Багдану Агінскаму. Пад яго патранатам была арганізавана друкарня, якая працавала ў 1611–1649 гг. пры манастыры Успення Багародзіцы. Рэпертуар яе выданняў складаюць каля трох дзясяткаў рэлігійных, педагагічных і панегірычных твораў на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. Сярод іх найбольш вядомым з’яўляецца падручнік «Грамматіки славєнскиѧ правилноє Сѵнтаґма» (1619), падрыхтаваны Мялеціем Сматрыцкім, на той час выкладчыкам Віленскай брацкай друкарні, які праз год атрымаў пасады полацкага архіепіскапа і архімандрыта Віленскага Свята-Духаўскага манастыра. У «Граматыцы» была здзейснена кадыфікацыя царкоўнаславянскай мовы ўсходнеславянскай рэдакцыі. Гэта была найбольш дасканалая філалагічная праца тых часоў, якая выкарыстоўвалася ў якасці базавага падручніка царкоўнаславянскай мовы да пачатку ХІХ ст.

 

Mercier, Nicolaus. De officiis studiosorum libri III (...). 1744

Сярод усіх друкарняў, што дзейнічалі на тэрыторыі ВКЛ у XVI–XVIІІ стст. вылучаецца друкарня Віленскай езуіцкай акадэміі, заснаванай у 1579 г. Стварэнне друкарні звязанае з пераходам пад кіраванне акадэміі друкарні, што належала троцкаму, а пазней віленскаму ваяводу Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку, які перавёз яе з Брэста ў Вільню. Першая кніга з выходнымі дадзенымі акадэміі выйшла ў 1592 г., а апошняя – у 1805 г., ужо ў часы Расійскай імперыі. Паводле падлікаў даследчыкаў, за гэты час з акадэмічнай друкарні выйшлі больш за 3 тысячы выданняў на розных мовах. Гэта супастаўляльна з аб’ёмам прадукцыі буйнейшых еўрапейскіх друкарняў. Акрамя рэлігійнай і навукова-метадычнай прадукцыі, акадэмічная друкарня выдавала дзяржаўныя законы, першыя ў ВКЛ календары і газеты. Тым не менш, рэпертуар яе выданняў фарміраваўся перадусім зыходзячы з задач навучальнай дзейнасці ў акадэміі. З гэтай мэтай была, у прыватнасці, выдадзена кніга на лацінскай мове французскага мовазнаўцы, прафесара Наварскага каледжа ў Парыжы Нікаля Мерсье «Аб абавязках вучняў тры кнігі, у якіх утрымліваюцца карысныя наказы ў навуках, дабрадзейнасці і паводзінах» (1744). Выданне канцэнтравала ўвагу на спосабах дасягнення навучэнцамі поспехаў у адукацыі і ў выхаванні.

 

Bellarmino, Roberto. Monita generalia (...). 1752

Найбольш інтэнсіўная дзейнасць Віленскай акадэмічнай друкарні прыходзіцца на XVIII ст., калі яна пераўтварылася ў найбуйнейшы цэнтр кнігадрукавання ў ВКЛ. Разам з новымі арыгінальнымі творамі, з друкарні выходзілі перавыданні прац аўтарытэтных езуіцкіх тэолагаў. Сярод іх асаблівым прызнаннем карысталіся творы італьянскага навукоўца і тэолага канца XVI – пачатку XVIІ стст. Раберта Франчэска Беларміна. У 1752 г. Віленская акадэмічная друкарня выпусціла яго працу на лацінскай мове «Агульныя ўказанні да службы спавядальнікаў, даўней для выкарыстання дыяцэзіі Страсбургскай, створаныя воляй святлейшага і шаноўнейшага Божай воляй біскупа Фескага, суфрагана і галоўнага вікарыя і г.д.» Рэдактарам выдання быў смаленскі біскуп, пісар вялікі ВКЛ Ежы Мікалай Гільзэн. Змест разглядаемага твора прысвечаны таму, якімі якасцямі і ўменнямі павінны валодаць святары пры здзяйсненні таінства споведзі.

 

Nakcyanowicz, Jakób. Praelectiones mathematicae (...). 1759

З пачаткам эпохі Асветніцтва ў другой палове XVIII ст. у Віленскай езуіцкай акадэміі ўзрастае інтарэс да доследна-эксперыментальнага прыродазнаўства і цесна звязанай з ім матэматыкі, якія імкліва развіваліся ў тагачаснай Еўропе. Выразнікам гэтай тэндэнцыі выступае прафесар матэматыкі Віленскай акадэміі Якуб Накцыяновіч (1725–1790), доктар вольных навук і філасофіі (1759), доктар тэалогіі і царкоўнага права (1761). Сваю першую адукацыю выбітны навуковец атрымаў у Полацкім езуіцкім калегіуме. Якуб Накцыяновіч з’яўляецца аўтарам падручнікаў па матэматыцы і алгебры. У 1759 г. ён выдаў у друкарні Віленскай акадэміі фундаментальную манаграфію на лацінскай мове «Лекцыі па матэматыцы, складзеныя паводле вольфаўскіх элементаў і прыстасаваныя для карыстання чытачамі». Адметна, што гэтая праца езуіцкага навукоўца грунтавалася на творах вядомага нямецкага пратэстанцкага філосафа і матэматыка першай паловы XVIII ст. Хрысціяна Вольфа.