Віртуальная выстава «Ёсць адна песня песняў – пра Радзіму». Да 110-годдзя Максіма Танка (2022—2023)

Выстава прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка (1912—1995) — паэта, грамадскага дзеяча.

У фондах НПГКМЗ захоўваюцца шматлікія выданні твораў аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў. Кнігі выкарыстоўваюцца як у асноўнай экспазіцыі, так і на самых разнастайных выставах.

З дапамогай віртуальнай выставы можна пазнаёміцца з найбольш цікавымі прадметамі з фондаў НПГКМЗ, якія прадстаўляюць яркія старонкі творчасці М. Танка.


Біяграфічная даведка

Нарадзіўся Яўген Іванавіч Скурко (сапраўднае імя М. Танка) 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.

У час Першай сусветнай вайны бацьку, Івана Хвёдаравіча, мабілізавалі ў войска, а маці, Домна Іванаўна, з двухгадовым Жэнем на руках вымушана была далучыцца да бежанцаў. У выніку ўся сям’я апынулася ў Маскве.

Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 г., што перапалавініў Беларусь, родная вёска аказалася за мяжой. Здавалася, пра вяртанне на бацькаўшчыну не магло быць і гаворкі. Але страшэнны голад, які ахапіў абшары Расіі, прымусіў эмігрантаў шукаць дарогі дадому. Восенню 1922 г. сям’я Скурко вярнулася ў Пількаўшчыну.

Яўген скончыў пачатковую польскую школу, вучыўся ў Вілейскай рускай і ў Радашковіцкай беларускай гімназіях (першая была закрыта польскімі ўладамі, а з другой Яўгена выключылі за ўдзел у школьнай забастоўцы). Потым вучыўся ў віленскіх беларускай і рускай гімназіях.

Першай беларускай кніжкай, што трапіла ў рукі будучага паэта і зрабіла сапраўдны пераварот у станаўленні яго самасвядомасці, стаў прывезены з Вільні «Беларускі каляндар на 1925 год».

У 1927 г. уступіў у камсамол і пачаў актыўна ўдзельнічаць у падпольным руху Заходняй Беларусі. З мая 1933 г. да мая 1934 г. і з верасня да снежня 1934 г. сядзеў у віленскай турме «Лукішкі». У 1936 г. быў прыняты ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з’яўляўся супрацоўнікам абласной газеты «Вілейская праўда». У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь», у агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну».

У 1945—1948 гг. — літаратурны рэдактар часопіса «Вожык». У 1948—1966 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Полымя». З 1966 г. — першы сакратар, а ў 1971—1990 гг. — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (з 1966 г.). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1947—1971) і СССР (1969—1989). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1963—1971). Член Савецкага камітэта абароны міру, старшыня Беларускага аддзялення савецка-польскай дружбы (з 1958 г.).

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР.

Лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій: Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік «Каб ведалі», літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959) за зборнік «След бліскавіцы», Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966) за зборнік «Мой хлеб надзённы», Ленінскай прэміі (1978) за кнігу паэзіі «Нарачанскія сосны», літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980) за кнігу «Прайсці праз вернасць». Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб’яднання «ЗАІКС» (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

Памёр 7 жніўня 1995 г., пахаваны на радзіме.

Імя Максіма Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Сваткаўскай сярэдняй школе (Мядзельскі раён) і Мядзельскай раённай бібліятэцы.

5 снежня 2014 г. у Мядзеле адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку. Аўтары кампазіцыі — скульптары Іван Міско і Аляксандр Фінскі, архітэктар Армен Сардараў.

Творчасць

Пісаць вершы па-беларуску пачаў у час навучання ў беларускай гімназіі ў Радашковічах (1928). Першыя публікацыі адносяцца да 1932 г.: у часопісе «Пралом», «Часопісе для ўсіх», газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё» (у апошняй быў змешчаны верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны», упершыню падпісаны псеўданімам Максім Танк).

Першыя кнігі паэзіі выйшлі ў Вільні: «На этапах» (1936; факсімільнае выданне — Мінск, 1983), «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938), паэма «Нарач» (1937; Мінск, 1947).

У Мінску выдадзены «Выбраныя вершы» (1940), «Янук Сяліба» (Масква, 1943), «Вастрыце зброю» (1945), «Праз вогненны небасхіл» (1945), «Выбраныя вершы» (1947), «Вершы» (1947, 1948), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «Выбраныя творы» (1952, 1954), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957), «Мой хлеб надзённы» (1962), «Лірыка» (1963), «Глыток вады» (1964), «Селядцы з вершамі» (1966), «Вершы» (1967), «Ключ жураўліны» (1972), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Вершы» (1979), «Прайсці праз вернасць» (1979), «Ave Maria» (1980), «Лірыка» (1982), «За маім сталом» (1984), «Лірыка» (1987), «Дарога і хлеб» (1988), «Збор калосся» (1989), «Паслухайце, вясна ідзе» (1990), «Мой каўчэг» (1994), «Errata» (1996), «Мне пару крыл дало юнацтва» (2003).

Напісаў кніжкі для дзяцей «Галінка і верабей» (1946), «Кніжка пра мядзведзя» (1947), «Вершы» (1948), «Урачыстае абяцанне» (1949), «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987), «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984), «Конь і леў» (1955), «Казкі. Легенды» (1960), «Светлячок» (1970), «Быліна пра касмічнае падарожжа муража Бадзіні» (1979), «Блікі сонца» (вершы, казкі; 1997), «Лемантар» (1993), «Журавель і Чапля» (1998), «На вясёлкавым кані» (2018).

Аўтар кнігі-дзённіка «Лісткі календара» (1970).

У 1958 г. выйшаў  «Збор твораў» у 2-х тамах, у 1966 —1967 гг. у 4-х тамах, у 1978—1981 гг. — у 6-ці тамах, у 2006—2012 гг. —у 13-ці тамах.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Т. Ружэвіча, А. Германава і інш. У 1991 г. выйшла кніга яго перакладаў «На зорных шляхах. Пераклады Максіма Танка».

Таксама і творы М. Танка перакладаліся на шматлікія мовы. Многія вершы паэта пакладзены на музыку.