Сусветнаму дню кнігі і аўтарскага права прысвячаецца

Красавіцкія сустрэчы ўдзельнікаў інклюзіўнай творчай лабараторыі «Бум!–Ага!» былі прымеркаваны да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права. На мінулых занятках удзельнікі праекта вывучалі гісторыю паперы – асноўнага матэрыялу, з якога сёння вырабляюць кнігі. У гэтым месяцы яны пачалі знаёмства з гісторыяй кнігі на беларускіх землях.

Асаблівасцям кніжнай культуры Беларусі былі прысвечаны заняткі «Тысячагоддзе беларускай кніжнасці», падчас якіх даследчыкі-пачаткоўцы дэталёва разгледзелі канструкцыю кнігі-кодэкса, паразмаўлялі пра духоўную і матэрыяльную каштоўнасць кнігі, параўналі самыя вялікія і самыя маленькія кнігі ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання, ацанілі прыгажосць рукапісных і старадрукаваных кніг.

Прымяніць атрыманыя веды на практыцы ўдзельнікі змаглі на майстар-класе па вырабе кнігі «Книжки–самоделки». Як вядома, кніга – лепшы падарунак, а кніга, створаная сваімі рукамі, – удвая лепш. 

Хобі-клуб «Чытанка-маляванка для душы» па мастацкім афармленні вырабленых кніг арганізавалі ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага. Пад уражаннем ад інтэр'еру велізарнай музейнай залы лёгка раскрыліся творчыя здольнасці кожнага ўдзельніка. У адрозненне ад майстар-класа па вырабе выцінанкі, на гэты раз не было ўзору для пераймання, а таму кожная кніга атрымалася ўнікальнай. Кніга – гэта не толькі прадмет матэрыяльнага свету. У ёй важнае значэнне мае змест. Пачаць напаўненне кожнай кнігі са шчырага пажадання адзін аднаму было вырашана адзінадушна!

Праект рэалізуецца пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2022 г. З апісаннем праекта і рэалізаванымі мерапрыемствамі больш падрабязна можна азнаёміцца тут.

94