Удзел у круглым стале «И живы памятью страницы редких книг»

На мінулым тыдні супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання накіраваліся ў Гомель, каб прыняць удзел у круглым стале «И живы памятью страницы редких книг».

Круглы стол быў арганізаваны з нагоды 15-годдзя Музея рэдкай кнігі, створанага ў 2008 годзе пры Гомельскай абласной бібліятэцы. Сёння Музей рэдкай кнігі стаў культурным брэндам Гомеля, а яго пярлінай з'яўляецца фамільная бібліятэка князёў Паскевічаў.

У пасяджэнні круглага стала прынялі ўдзел спецыялісты бібліятэчнай і музейнай справы, гісторыкі, рэстаўратары з Мінска, Гомеля, Брэста, Полацка, Смаленска, Бранска, Новасібірска. Прадстаўленыя ў рамках пасяджэння даклады далі магчымасць абмяняцца вопытам работы па пытаннях захавання і вывучэння кніжнай спадчыны, вызначыць перспектывы развіцця і функцыянавання аддзелаў рэдкіх кніг ва ўстановах культуры, разгледзець шляхі развіцця дзейнасці па вывучэнні і папулярызацыі рэдкіх выданняў.

Выступленне загадчыка Музея беларускага кнігадрукавання Славіны Гаўрылавай было прысвечана трансляцыі нацыянальнай кніжнай спадчыны сродкамі музейнай педагогікі. Вядучы навуковы супрацоўнік Дзіяна Кашкур распавяла пра камунікатыўныя практыкі актуалізацыі кніжнай спадчыны ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага.

432