Дзень друку ў Беларусі

Штогод 5 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень друку. Сярод шматлікіх газет і часопісаў, якія выдаваліся і выдаюцца ў нашай краіне, хочацца адзначыць часопіс «Маладосць», які ў гэтым годзе святкуе сваё 70-годдзе.

У пэўнай ступені «Маладосць» можна лічыць пераемніцай часопіса пад назвай «Маладняк», што выходзіў у 1923—1932 гг. і прызначаны быў публікаваць найперш творы маладых аўтараў.

  Беларускі штомесячны літаратурна-мастацкі і  грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс «Маладосць» пачаў выходзіць у 1953 г. і стаў сапраўднай падзеяй для беларускай творчай моладзі. Першым яго рэдактарам стаў пісьменнік Аляксей Кулакоўскі. Пазней на гэтай пасадзе пабудуць Пімен Панчанка і Алесь Асіпенка, Генадзь Бураўкін і Васіль Зуёнак, Анатоль Грачанікаў і Генрых Далідовіч. А затым уладу ў часопісе возьмуць у рукі жанчыны: Раіса Баравікова, Таццяна Сівец, Святлана Воцінава, Вольга Рацэвіч.

Што да аўтараў, якія друкаваліся ў часопісе, то адзін толькі пералік іх можа заняць не адну старонку. Варта адзначыць, што менавіта праз «Маладосць» упершыню прыйшлі да чытача многія творы Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Івана Шамякіна.

З 1988 г. да пачатку 2000-х гг. выдавалася «Бібліятэка часопіса «Маладосць» (12 кніг у год), дзе былі надрукаваныя першыя кнігі шэрагу беларускіх пісьменнікаў. У 2013 г. гэтая серыя была адноўлена.

У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка на дадзены момант захоўваецца 424 нумары часопіса за 1953—2022 гг. І не проста захоўваюцца, але і актыўна выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы выстаў, асобныя ж нумары прадстаўлены і ў пастаяннай экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання.

Выданні з экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання

389