Адбыліся Скарынаўскія чытанні ў Полацку

9 верасня ў Музеі беларускага кнігадрукавання - філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка - адбыліся "Скарынаўскія чытанні", прымеркаваныя да 20-годдзя музея.

Удзел у мерапрыемстве прынялі навукоўцы з Мінска, Полацка, Санкт-Пецярбурга. Алена Пікулік, кандыдат мастацтвазнаўства, супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, выступіла з дакладам "Мастацкая структура магілёўскіх брацкіх кірылічных старадрукаў і традыцыі Скарыны", магістр мастацтвазнаўства Галіна Флікоп прадставіла тэму "Іканаграфія гравюры кірылічных выданняў у беларускім іканапісе ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў: на матэрыяле твораў з выявамі біблейскіх вобразаў". А Уладзімір Падалінскі, дацэнт кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пазнаёміў прысутных са сваёй навуковай працай "Соймавае прадстаўніцтва Полацкага ваяводства ў канцы ХVІ ст.". Надзвычай цікавыя тэмы закранулі гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Дук і Уладзімір Лобач. Першы на аснове новых археалагічных дадзеных паспрабаваў вызначыць месцазнаходжанне бернардзінскага клаштара ў Полацку, у якім, магчыма, Ф. Скарына вывучаў лацінскую мову, перш чым паступіць у Кракаўскі ўніверсітэт. Другі ж прадставіў даследаванне "Некаторыя аспекты ментальнасці сярэднявечных палачан" паводле пісьмовых крыніц 16-17 стст. Актыўны ўдзел прынялі і супрацоўнікі НПГКМЗ: Алена Шумовіч, загадчыца Музея беларускага кнігадрукавання, зрабіла агляд скарыніяны, прадстаўленай ў экспазіцыі і фондах музея, Таццяна Смірнова, старшы навуковы супрацоўнік Дзіцячага музея, на аснове музейна-педагагічных заняткаў даследавала ролю кнігі ў станаўленні асобы, Аляксандр Вашчанка, супрацоўнік Краязнаўчага музея ў Полацку, выступіў з дакладам "Гісторыя Біблейскага перакладу на беларускую мову ў рэтраспектыве часу". Прагучала таксама даследавенне, прысвечанае ўласна гісторыі музея ("Музей беларускага кнігадрукавання: гісторыя і сучаснасць"), падрыхтаванае Тамарай Джумантаевай, намеснікам дырэктара запаведніка па навуковай рабоце, і Верай Ашуевай, старшым навуковым супрацоўнікам Музея беларускага кнігадрукавання.
Ганаровымі гасцямі канферэнцыі сталі Ігар Куржалаў, які прымаў удзел у стварэнні музея як мастак, а таксама Мікола Нікалаеў - доктар філалагічных навук, загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, старшыня Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў. Мікалай Віктаравіч у свой час аказаў велізарную дапамогу ў стварэнні экспазіцыі музея. Зараз жа ён падчас мерапрыемства прэзентаваў свае кнігі "Беларускі Пецярбург" і "Гісторыя беларускай кнігі. Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага".
На працягу канферэнцыі прагучалі шматлікія віншаванні са святам, пажаданні музею далейшага развіцця і ўдасканалення, а таксама была выказана прапанова праводзіць падобныя чытанні рэгулярна з перыядычнасцю ў 5 год.

2086