Да 100-годдзя літаратурнага аб'яднання «Маладняк»

28–29 лістапада супрацоўнікі музея былі запрошаны ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, дзе прынялі ўдзел у адкрыцці літаратурна-мастацкай выставы «Бурлівага лёту сляды незмярымы». Экспазіцыя створана ў межах выставачна-асветніцкага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», які рэалізуецца Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і ўстановай «Выдавецкі дом «Звязда».

Па запрашэнні калег палачане наведалі і Нацыянальную бібліятэку Беларусі, дзе прайшла літаратурная імпрэза „На хвалі «Маладняка»“. Падчас мерапрыемства быў прэзентаваны новы віртуальны раздзел, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Пфляўмбаўм (1908–1996) і адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстава «Маладняк» — старонка гісторыі беларускай літаратуры». У мерапрыемствах прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў-удзельніц праекта, іх супрацоўнікі, а таксама спецыялісты, якія ўдзельнічалі ў даследаваннях архіваў, напісанні тэкстаў, папулярызацыі праекта.

Першае прафесійнае беларускае літаратурнае аб’яднанне пісьменніцкай моладзі «Маладняк» аформілася ў канцы лістапада 1923 г. На працягу юбілейнага 2023 г. да 100-годдзя ўтварэння «Маладняка» Музей беларускага кнігадрукавання ажыццяўляў анлайн-праект «Маладняку» — 100. З яго матэрыяламі вы можаце пазнаёміцца ў аднайменным раздзеле сайта і ў суполках музея ў сацыяльных сетках.

180